Памяць у спадчыну

12.12.2013

На Брэстчыне стартаваў марафон “Вазьмі, мой унук, у спадчыну Памяць”, прысвечаны 70-годдзю Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне. Арганізатарамі марафону выступаюць упраўленне адукацыі Брэсцкага аблвыканкама, аддзел адукацыі, спорту і турызму і аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Брэсцкага гарвыканкама, а таксама Цэнтр дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі Брэста. >

Марафон праводзіцца ў рамках рэспубліканскай акцыі “Дзякуй салдатам Перамогі за тое, што не ведаем вайны” з мэтай фарміравання ў моладзі грамадзянска-патрыятычных пачуццяў, нацыянальнай самасвядомасці, адказнасці за захаванне гістарычнага мінулага краіны. Мерапрыемствы марафону закліканы пашырыць і паглыбіць веды школьнікаў па гісторыі Вялікай Айчыннай вайны і роднага краю, развіць інтарэс навучэнцаў да пошукава-даследчай і культурна-асветніцкай дзейнасці, творчыя здольнасці дзяцей, а таксама папулярызаваць імёны землякоў-ветэранаў вайны.

Марафон, у якім удзельнічаюць каманды школьнікаў ва ўзросце ад 14 да 18 гадоў, праводзіцца ў два этапы. Першы этап (завочны) праходзіць ва ўстановах адукацыі з лістапада 2013 года па май 2014-га. Удзельнікі прадстаўляюць на суд журы пошукава-даследчыя работы на адну з прапанаваных тэм (“Гісторыя аднаго медаля”, “Дакументальны сведка вайны”, “Лёс сям’і ў лёсе краіны”, “Ад абеліска да абеліска” і “Экспанат, які гаворыць”). 10 лепшых работ будуць дапушчаны да ўдзелу ў другім этапе марафону, які пройдзе з верасня 2014 года па красавік 2015-га. Падчас другога этапу ўдзельнікі мемарыяльных атрадаў нясуць ганаровую Вахту Памяці ля Вечнага агню ў мемарыяльным комплексе “Брэсцкая крэпасць-герой”.

Па выніках марафону, якія будуць падведзены на ўрачыстай лінейцы, лепшыя школьнікі атрымаюць дыпломы пераможцаў і памятныя падарункі.

Падрыхтаваў Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.