І садок, і спартыўны комплекс

23.11.2013

На Століншчыне ва ўрачыстай абстаноўцы з удзелам старшыні Брэсцкага аблвыканкама К.А.Сумара адкрыты два новыя сацыяльна значныя аб’екты – дзіцячы яслі-сад у вёсцы Рамель і спартыўна-аздараўленчы комплекс у вёсцы Альшаны. Аналагічны комплекс пачаў нядаўна работу і ў Століне.

>- Такія дарагія падарункі, асабліва дзіцячыя садкі, для гэтага раёна зусім не лішнія і цалкам заслужаныя, - упэўнены кіраўнік вобласці. – Па колькасці мнагадзетных сем’яў, якіх тут налічваецца больш за 1,5 тысячы, Століншчына з’яўляецца бясспрэчным лідарам не толькі на Брэстчыне, але і ў краіне. Толькі за 9 месяцаў гэтага года ў рэгіёне нарадзілася 830 малышоў. >

У вёсцы Рамель, дзе адкрыўся садок, сёння пражывае 84 дзіцяці ва ўзросце ад аднаго да шасці гадоў. На будаўніцтва дашкольнай установы, разлічанай на 75 месцаў, з абласнога бюджэту было выдаткавана больш за 26 мільярдаў рублёў. Сучасны камфортны будынак плошчай амаль 3 тысячы квадратных метраў быў узведзены за два гады намаганнямі Столінскага ПМК – 24. У садку ёсць спартыўная і музычная зала з неабходным абсталяваннем, гульнявыя пляцоўкі, пакой дзіцячай творчасці і камп’ютарны клас.

Будаўніцтва спартыўна-аздараўленчага комплексу ў Альшанах пачалося па даручэнні Прэзідэнта Беларусі А.Р.Лукашэнкі, якое ён даў летась падчас наведвання гэтага рэгіёна. На ўзвядзенне аб’екта спатрэбілася 10 месяцаў і каля 26 мільярдаў рублёў.

Сучасны шматмэтавы спартыўна-аздараўленчы комплекс – гэта спартыўныя залы для міні-футбола і гульнявых відаў спорту ўмяшчальнасцю да 100 чалавек, трэнажорная зала, памяшканне для фітнэсу і гімнастычных заняткаў. У будынку абсталяваны камфортныя раздзявалкі і душавыя, а побач з ім – футбольная пляцоўка са штучным пакрыццём. Комплекс забяспечаны неабходным спартыўным інвентаром.

Сёння ў вучэбна-спартыўнай установе, якая ўваходзіць у структуру Давыд-Гарадоцкай ДЮСШ, валейболам і футболам займаецца 112 дзяцей. Плануецца, што ў наступным годзе, дзякуючы комплексу, тут адкрыюцца аддзяленні дзюдо і лёгкай атлетыкі.

- Упэўнены, што спартыўна-аздараўленчы комплекс будзе садзейнічаць фарміраванню здаровага ладу жыцця ў насельніцтва і паслужыць умацаванню здароўя мясцовых жыхароў, найперш моладзі, - адзначыў К.А.Сумар. – Спадзяюся, што альшанскія юнакі і дзяўчаты стануць дастойнай зменай не толькі ў спорце, але і надзейнай апорай для будучыні нашай краіны.

У рамках праграмы развіцця Прыпяцкага Палесся на Століншчыне ў бліжэйшыя год-два плануецца пабудаваць дзіцячы сад у вёсцы Кароцічы і правесці рэканструкцыю былых ваенных казарм у Давыд-Гарадку, дзе таксама адкрыецца новая дашкольная ўстанова.

Падрыхтаваў Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.