У “Аквамарын” – па здароўе

31.10.2013

У Століне адкрыўся фізкультурна-спартыўны комплекс “Аквамарын”, які стаў добрым падарункам для дзяцей рэгіёна. На будаўніцтва комплексу, распачатае ў студзені 2011 года, было затрачана каля 70 мільярдаў рублёў.

Фізкультурна-спартыўны комплекс з’яўляецца структурным падраздзяленнем Дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы Століна, дзе баскетболам, веславаннем на каноэ і байдарках, футболам і лёгкай атлетыкай займаецца 580 навучэнцаў. Матэрыяльна-тэхнічная база комплексу дазваляе рыхтаваць спартыўны рэзерв, развіваць гульнявыя віды спорту. Для гэтага ёсць спартыўная зала з трыбунамі для гледачоў на 200 месцаў, басейн з чатырма дарожкамі на 25 метраў, міні-басейн для навучання плаванню, вялікая трэнажорная зала, залы для гульні ў настольны тэніс і більярд, памяшканне для гульні ў шахматы і шашкі, саўна. На прылеглай тэрыторыі размяшчаюцца тэнісны корт, камбінаваная пляцоўка для гульні ў валейбол і баскетбол, міні-футбольная і хакейная пляцоўкі. Магчымасці комплексу дазваляюць праводзіць спаборніцтвы раённага і абласнога ўзроўню па баскетболе, валейболе і міні-футболе.

Акрамя вучэбна-трэніровачных заняткаў выхаванцаў ДЮСШ, у фізкультурна-аздараўленчым комплексе будуць арганізаваны аздараўленчыя заняткі для ўсіх жадаючых.

Падрыхтаваў Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.