Пашыраць электронны дакументаабарот у кіраўніцкай дзейнасці

5.8.2013

На Брэстчыне вядзецца планамерная работа па скарачэнні папяровага дакументаабароту шляхам актыўнага ўкаранення інфармацыйных тэхналогій у кіраўніцкую дзейнасць.

- Перавод папяровага дакументаабароту ў электронны выгляд выкліканы запытамі часу, - расказаў начальнік аддзела агульнай сярэдняй і прафесійнай адукацыі ўпраўлення адукацыі Брэсцкага аблвыканкама П.І.Валынец. – Дзякуючы новаўвядзенню, аблягчаецца збор і аналіз інфармацыі на ўзроўні аддзелаў/упраўленняў адукацыі. Сёлета ў вобласці быў арганізаваны аўтаматызаваны збор інфармацыі аб выніках выпускных экзаменаў за курс базавай і сярэдняй школы. Работа ажыццяўлялася з дапамогай Цэнтра інфармацыйных рэсурсаў і камунікацый БДУ, які прапаноўвае для гэтага аўтаматызаваную сістэму кіравання “Менеджмент сістэмы адукацыі” (http://mso.edu.by/), размешчаную ў партале інфармацыйнага і сервіснага абслугоўвання карыстальнікаў. Установы адукацыі ў пэўны тэрмін уносілі туды неабходную інфармацыю, якая аўтаматычна “падбівалася” на ўзроўні раёна і вобласці. Зразумела, што перабудова дакументаабароту выклікала некаторыя цяжкасці, але гэта часовая з’ява.

Аўтаматызаваная сістэма кіравання дазваляе аўтаматызаваць справаводства ў органах кіравання адукацыяй і ва ўстановах адукацыі, а таксама наладзіць інфармаванне бацькоў і навучэнцаў па розных аспектах вучэбна-выхаваўчага працэсу. Так, дзякуючы сістэме, можна весці статыстыку наведвальнасці заняткаў, апрацоўваць інфармацыю па педагагічных кадрах, вучэбных і спартыўных дасягненнях навучэнцаў, стане іх здароўя і інш. У перспектыве плануецца ажыццяўляць збор і аналіз інфармацыі аб працаўладкаванні выпускнікоў, павышэнні кваліфікацыі педкадраў і кадравым складзе рэгіёнаў.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.