Валанцёры выбіраюць здаровы лад жыцця
31.7.2013На Брэстчыне прайшоў абласны конкурс “Мы розныя, але роўныя” сярод валанцёрскіх каманд, якія рэалізоўваюць прафілактычныя праграмы па прынцыпе “роўны навучае роўнага” ў сферы здаровага ладу жыцця. Арганізатарамі конкурсу выступілі ўпраўленне адукацыі аблвыканкама, абласны ІРА і культурна-творчае грамадскае аб’яднанне “Калегіум” Пінска.
- Мэта конкурсу – стварэнне ўмоў для фарміравання сацыяльнай актыўнасці навучэнскай моладзі і развіцця валанцёрскага руху “роўны навучае роўнага” праз падтрымку маладзёжных ініцыятыў у рэалізацыі прафілактычных праграм роўнага навучання ў сферы здаровага ладу жыцця, - расказала метадыст вучэбна-метадычнага цэнтра ідэалагічнай і выхаваўчай работы Брэсцкага абласнога ІРА А.Г.Дзмітрыева. – Канкурсанты рыхтавалі мультымедыйныя прэзентацыі, дзе прадстаўлялі склад валанцёрскай каманды, адлюстроўвалі гісторыю яе стварэння і апісвалі сістэму работы і вынікі дзейнасці ў школах; пісалі эсэ “Быць валанцёрам – гэта азначае…” і распрацоўвалі метадычныя модулі трох інтэрактыўных заняткаў з элементамі трэнінгу прафілактычнай накіраванасці рознай тэматыкі.
Фінал конкурсу праводзіўся ў форме адкрытага абласнога фестывалю валанцёрскіх каманд на турбазе “Белае возера” Брэсцкага раёна. У фестывалі, які доўжыўся 6 дзён, удзельнічалі 9 лепшых валанцёрскіх каманд: зборная каманда “Новае пакаленне” з Пінскага раёна (валанцёрскія групы “ПроДвижение+” з Аснежыцкай сярэдняй школы, “ЛадьЯ” з Малоткавіцкай сярэдняй школы і “Крок у будучыню” з Пінкавіцкай сярэдняй школы імя Якуба Коласа), клуб “Равеснік – Равесніку” з Пінска, зборная каманда “Smile” з Баранавіч (валанцёрскія групы “Паслы добрай волі” з ліцэя № 1, “Равеснік” з гімназіі № 3 і “Сэрцам да сэрца” з сярэдняй школы № 4), зборная каманда “Ліга рэгіёнаў” (валанцёрскі клуб “Вектар-АБГ” з Брэсцкага абласнога ІРА, група “Полымя” з Мірнаўскага дзіцячага сада – сярэдняй школы Баранавіцкага раёна і валанцёры з Гомеля, Бабруйска і г.п.Рось Гродзенскай вобласці), а таксама каманда “Smart” са Швецыі.
Падчас фестывалю ладзіліся прэзентацыі валанцёрскіх каманд, цікавыя гульні і інтэрактыўныя заняткі з элементамі трэнінгу па такіх тэмах, як “Вучымся спраўляцца са стрэсамі”, “Бескарысныя пакупкі”, “Фаст фуд”, “Парушэнне харчовых паводзін”, “Бацькі і дзеці: як жыць без канфліктаў”, “Жыццё ў сацыяльных сетках”, “Маладзёжныя субкультуры”, “Вучымся эфектыўным зносінам”, “Рэпрадуктыўнае здароўе: паміж намі дзяўчатамі”, “Рэклама алкаголю і тытуню, накіраваная на маладзёжную аўдыторыю” і інш.
Па выніках усіх этапаў конкурсу напрыканцы лета будуць вызначаны лепшыя валанцёрскія каманды, валанцёры-інструктары і інтэрактыўныя заняткі з элементамі трэнінгу.
Падрыхтаваў Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.