Прэміі – лепшым
11.6.2013У святочным мерапрыемстве, што праходзіла ў абласным грамадска-культурным цэнтры, удзельнічалі прадстаўнікі ўсіх рэгіёнаў вобласці.
- Адукацыя з’яўляецца адной з ключавых сфер нашага жыцця, - адзначыў К.А.Сумар. – Якасць адукацыі вызначае стан эканомікі, узровень навукі, культуры і духоўнасці нацыі. Нельга не пагадзіцца з выказваннем прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі, які неяк сказаў, што “поспех канкурэнтаздольнасці краіны ў сусветнай эканоміцы залежыць ад таго, ці ўдасца нам зрабіць стаўку на новае, энергічнае, творчае пакаленне маладых беларусаў”. Значэнне моладзі ў любым грамадстве надзвычай вялікае. Улада ўсяляк імкнецца падтрымліваць таленавітых навучэнцаў і студэнтаў, якія жадаюць развівацца, павышаць якасць сваіх ведаў. Сведчаннем таму з’яўляецца ўзнагароджанне пераможцаў алімпіяднага руху прэміямі і стыпендыямі спецыяльнага прэзідэнцкага фонду па падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў. Абласная ўлада таксама не застаецца ўбаку ад гэтага. З 2006 года лаўрэатамі прэміі аблвыканкама сталі больш за 600 навучэнцаў і педагогаў Брэстчыны.
Зразумела, не кожны пераможца рэспубліканскай ці міжнароднай алімпіяды абавязкова стане вялікім навукоўцам або выдатным спецыялістам у сваёй галіне ведаў. Галоўнае – рэалізаваць свой патэнцыял у жыцці. Падчас інтэлектуальных выпрабаванняў школьнікі не толькі павышаюць якасць ведаў, але і вучацца валодаць сабой, канцэнтраваць сілы на галоўным. А гэта якраз тыя якасці, якія абавязкова спатрэбяцца маладым людзям у прафесійным жыцці незалежна ад пасад.
Сёлета на рахунку школьнікаў Брэстчыны 56 дыпломаў. Безумоўна, сістэме адукацыі вобласці ёсць яшчэ над чым працаваць, калі ўлічыць, што рэгіён у алімпіядным руху знаходзіцца на апошніх пазіцыях у краіне. Радуе, што сярод уладальнікаў дыпломаў шмат сельскіх школьнікаў. Так, спецыяльнымі прызамі міністра адукацыі сёлета былі адзначаны трое прадстаўнікоў Брэстчыны: Ганна Піліпчук з Беражноўскай сярэдняй школы Столінскага раёна, Юлія Драка з Ласіцкай сярэдняй школы Пінскага раёна і Фёдар Кузьміч з Дварэцкага ясляў-сада – сярэдняй школы Лунінецкага раёна. Максім Ліцкевіч з сярэдняй школы № 2 Камянца ўключаны кандыдатам у зборную каманду Беларусі для ўдзелу ў міжнароднай алімпіядзе па фізіцы. 25 прызёраў рэспубліканскай алімпіяды ўжо фактычна сталі студэнтамі УВА.
Традыцыйна сярод пераможцаў алімпіяд шмат навучэнцаў з Брэста, Баранавіч і Пінска. Асабліва трэба адзначыць поспехі педагогаў і дзяцей з сярэдніх школ № 7 Брэста, № 19 Баранавіч і № 2 Камянца. Па-ранейшаму найбольш паспяхова вядуць падрыхтоўку алімпіяднікаў гімназіі і ліцэі. Сярод лепшых – ліцэй № 1 і гімназія № 4 Баранавіч, ліцэй № 1 імя А.С.Пушкіна і гімназіі №№ 1 і 5 Брэста, гімназія Кобрына.
Выхаванцы настаўніка інфарматыкі В.А.Церашчука з гімназіі № 1 Брэста атрымалі сёлета тры дыпломы. Па два дыпломы прывезлі з рэспубліканскай алімпіяды выхаванцы настаўнікаў фізікі М.М.Макаеда з сярэдняй школы № 2 Камянца і У.У.Зылевіча з Мікашэвіцкай гімназіі імя У.Нядзведскага Лунінецкага раёна.
К.А.Сумар пажадаў адораным навучэнцам рэалізаваць свае таленты і здольнасці на роднай зямлі, якая іх вырасціла і выхавала.
Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.
НА ЗДЫМКУ: У.У.Зылевіч са сваімі выхаванцамі – Уладзімірам Зылевічам і Ганнай Хвісцік.
Фота аўтара.