“Сямёра казлянят” па-англійску

29.4.2013

Падведзены вынікі VІІІ Абласнога фестывалю школьных тэатральных калектываў “Assorti” на замежнай мове. У творчым спаборніцтве, якое праходзіла на базе сярэдніх школ №№ 26 і 28 Брэста, прынялі ўдзел 32 калектывы ў дзвюх узроставых групах (1 – 7 і 8 – 11 класы).

- Фестываль праводзіцца з мэтай выяўлення, падтрымкі і развіцця творчых здольнасцей навучэнцаў па замежных мовах, актывізацыі педагагічнай дзейнасці настаўнікаў-“замежнікаў” па развіцці камунікатыўнай кампетэнцыі школьнікаў і выхаванні іх у “дыялогу культур”. Фестываль выхоўвае ў дзяцей павагу да літаратурнай спадчыны іншых краін, культуру міжасобасных зносін. Дзякуючы такім мерапрыемствам, паляпшаецца і выканальніцкая культура юных акцёраў. Радуе, што з году ў год павышаюцца ўзровень рэжысуры, якасць моўнай падрыхтоўкі і дэкарацый. Сёлета навучэнцы выступалі з пастаноўкамі на трох мовах – англійскай, нямецкай і французскай, - расказала метадыст вучэбна-метадычнага аддзела агульнаадукацыйных вучэбных прадметаў Брэсцкага абласнога ІРА І.М.Жогла.

Лепшымі сталі тэатральныя калектывы з сярэдняй школы № 37 Брэста (“Русалачка”), Бастынскай сярэдняй школы Лунінецкага раёна (“Сямёра казлянят”), гімназіі Пружан (“Несцерка па-пружанску”), дзіцячага сада – пачатковай школы № 1 Брэста (“Чароўны пярсцёнак”), сярэдняй школы № 4 Іванава (“Wildflower”), ліцэя Івацэвіцкага раёна (паводле дзіцячай кнігі для дарослых “Практычнае котазнаўства” Томаса Эліёта), гімназіі № 2 (“Гукі музыкі”) і сярэдняй школы № 15 (“Спячая прыгажуня”) Брэста.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.