Другое нараджэнне школы

22.12.2012

Напярэдадні Новага года дзеці з вёсак Пагранічная і Сухадол Камянецкага раёна атрымалі цудоўны падарунак – абноўлены будынак сярэдняй школы. На працягу 2,5 гадоў, пакуль доўжылася яе рэканструкцыя, навучэнцы хадзілі па веды ў суседнюю Раснянскую сярэднюю школу, размешчаную за 11 кіламетраў.

За час капітальнага рамонту з мадэрнізацыяй, на што было патрачана больш за 6,2 мільярда рублёў, двухпавярховы будынак школы змяніўся да непазнавальнасці: узмоцнены падмурак, зроблены скатны дах, адрамантаваны вучэбныя памяшканні, кабінеты аснашчаны новай мэбляй, абсталяваны камп’ютарны клас, закуплена сучаснае абсталяванне ў сталовую.

У школе працуюць 18 педагогаў. Нягледзячы на тое, што навучальная ўстанова, разлічаная на 196 чалавек, працуе пакуль не на поўную праектную магутнасць, дырэктар школы Ж.І.Аўдзей упэўнена ў добрых перспектывах. Так, у 2013 годзе на базе ўстановы плануецца адкрыць невялікія дзетсадаўскія групы. Колькасць навучэнцаў павялічыцца і за кошт закрыцця малакамплектных школ, размешчаных непадалёку.

- На Камянеччыне адбываецца рэарганізацыя сеткі ўстаноў адукацыі з улікам рэальных патрэб і сітуацыі, - расказаў начальнік раённага аддзела адукацыі В.М.Грыцук. – Асноўная задача школы – павышэнне якасці адукацыі праз укараненне здароўезберагальных тэхналогій на ўсіх узроўнях адукацыйнага працэсу. У абноўленым будынку навучальнай установы створаны належныя ўмовы для гэтага.

Павіншаваць педагогаў, дзяцей і іх бацькоў з адкрыццём школы завіталі прадстаўнікі раённай выканаўчай улады, будаўнічай арганізацыі “Нівабуд” і начальнік упраўлення адукацыі Брэсцкага аблвыканкама М.А.Ціханчук, які падарыў навучальнай установе мультымедыйную ўстаноўку.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.