Чый СПЦ лепшы?

5.12.2012

Падведзены вынікі абласнога конкурсу на лепшы сацыяльна-педагагічны цэнтр Брэсцкай вобласці. Арганізатарамі спаборніцтва, у якім прынялі ўдзел 19 СПЦ, выступілі ўпраўленне адукацыі аблвыканкама і абласны інстытут развіцця адукацыі.

Па выніках першага этапу конкурсу ў фінал выйшлі 5 сацыяльна-педагагічных цэнтраў: СПЦ Баранавіч (дырэктар Л.А.Еўлаш), Ляхавіцкага (дырэктар Н.М.Пішч), Лунінецкага (дырэктар Н.У.Ціхая), Бярозаўскага (дырэктар Л.Я.Дземідовіч) і Пружанскага (дырэктар І.У.Карваш) раёнаў.

- Сацыяльна-педагагічныя цэнтры выконваюць важную ролю ў сістэме адукацыі, у прыватнасці ў прафілактыцы сацыяльнага сіроцтва, аказанні карэкцыйна-псіхалагічнай і прававой дапамогі дзецям, якія выхоўваюцца ў нядобранадзейных сем’ях. Конкурс скіраваны на вывучэнне і распаўсюджанне лепшага вопыту ў гэтым напрамку, выяўленне, падтрымку і заахвочванне творчай актыўнасці спецыялістаў СПЦ, публічнае прызнанне важнага ўкладу педагагічных работнікаў у сістэму аховы дзяцінства, - адзначыла старшыня журы конкурсу, намеснік начальніка абласнога ўпраўлення адукацыі І.В.Чоўжык на адкрыцці фінальных спаборніцтваў, якія прайшлі на базе Брэсцкага абласнога цэнтра маладзёжнай творчасці.

У фінале ўдзельнікі конкурсу паказвалі візітоўку сваіх устаноў, прэзентавалі вопыт работы і дэманстравалі педагагічнае майстэрства ў рашэнні розных жыццёвых сітуацый. Падчас тэатралізаваных выступленняў прадстаўнікі СПЦ расказвалі пра арганізацыю работы з замяшчальнымі сем’ямі і іх сацыяльна-псіхалагічнае суправаджэнне, дзейнасць дамоў сямейнага тыпу, а таксама дзяліліся напрацоўкамі па фарміраванні ў дзяцей, бацькоў і педагогаў навыкаў здаровага ладу жыцця. Найбольш відовішчнымі, змястоўнымі і творчымі аказаліся выступленні супрацоўнікаў СПЦ Бярозаўскага і Пружанскага раёнаў.

Прафесійныя ўменні канкурсантаў выяўляліся пры рашэнні педагагічных сітуацый. Што рабіць, калі дзяўчынка, якая выхоўваецца ў доме сямейнага тыпу, дзе паміж дзецьмі размеркаваны гаспадарчыя абавязкі, не хоча іх выконваць? Што рабіць бацькам, калі іх дзіця належыць да пэўнай маладзёжнай субкультуры? Што рабіць з рыначнымі адносінамі паміж дзецьмі ў класе? Што рабіць прыёмным бацькам, калі іх дзіця курыць ці крадзе? На гэтыя актуальныя пытанні ўдзельнікі конкурсу імкнуліся даць змястоўныя і вычарпальныя адказы.

Па рашэнні журы пераможцам абласнога конкурсу на лепшы сацыяльна-педагагічны цэнтр Брэстчыны стаў калектыў СПЦ Баранавіч.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.

НА ЗДЫМКУ: пераможцы конкурсу – педагогі СПЦ Баранавіч.
Фота аўтара.