Выставка-презентация

26.11.2012

Падведзены вынікі абласнога конкурсу прафесійнага майстэрства сярод кіраўнікоў навучальных устаноў Брэстчыны, прысвечанага выкарыстанню інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій у кіраўніцкай дзейнасці. Арганізатарамі спаборніцтва выступілі ўпраўленне адукацыі Брэсцкага аблвыканкама і Брэсцкі абласны інстытут развіцця адукацыі.

- Асноўная мэта конкурсу – укараненне інавацыйных ідэй у галіне інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій у кіраўніцкую практыку ўстаноў адукацыі вобласці, - расказаў начальнік аддзела вышэйшай і агульнай сярэдняй адукацыі абласнога ўпраўлення адукацыі П.І.Валынец. – Конкурс выявіў узровень развіцця інфармацыйнай прасторы навучальных устаноў, кваліфікацыі іх кіраўнікоў у галіне ІКТ, лепшы вопыт, падштурхнуў кіраўнікоў да шырокага ўкаранення лічбавых адукацыйных рэсурсаў у вучэбна-выхаваўчы працэс.

На конкурс падаваліся аўтарскія інавацыйныя праекты, якія ўключалі метадычнае апісанне вопыту работы і відэа-ролік з элементамі выкарыстання ІКТ-сэрвісаў у адукацыйным працэсе. Пры ацэньванні конкурсных матэрыялаў улічваліся іх актуальнасць, арыгінальнасць, навізна падыходаў, практычная значнасць, педагагічная мэтазгоднасць, а таксама педагагічная ІКТ-кампетэнтнасць кіраўнікоў.

Актыўны ўдзел у конкурсе прынялі кіраўнікі ўстаноў адукацыі Брэста, Пінска, Брэсцкага, Баранавіцкага, Івацэвіцкага, Кобрынскага, Лунінецкага, Маларыцкага і Столінскага раёнаў. Дыпломы І ступені атрымалі дырэктар брэсцкай гімназіі № 5 Л.М.Амельянюк, дырэктар баранавіцкай гімназіі № 5 Т.І.Шастак, дырэктар пінскай сярэдняй школы № 18 Ф.В.Радзіён, дырэктар Косаўскай сярэдняй школы Івацэвіцкага раёна А.В.Раўчэня, намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Кобрынскай гімназіі Н.Ю.Валасюк і дырэктар Лунінецкага ліцэя М.М.Паўловіч. Пераможцы атрымалі праграмна-апаратныя комплексы для стварэння ў сваіх установах медыятэк.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.