Вырошчваем пакаёвыя расліны з мамай

01.04.2019
Як прыцягнуць увагу бацькоў да адукацыйнага працэсу ў спецыяльным класе, дзе вучацца дзеці з цяжкімі множнымі парушэннямі ў развіцці? Як арганізаваць эфектыўную семесную дзейнасць педагогаў, вучняў, іх мам і татаў?

Мы выбралі метад праектаў – адзін з дзейсных спосабаў арганізацыі калектыўнай пазнавальнай і творчай дзейнасці. Праект «Вырасцім пакаёвую расліну разам з мамай», які вырашае пэўныя задачы прадметаў «Асновы жыццядзейнасці» і «Гаспадарча-бытавая праца», далучае бацькоў да сумеснай практычнай дзейнасці з дзецьмі па вырошчванні пакаёвых раслін для ўпрыгажэння інтэр'еру і класаў ЦКРНіР, фарміруе экалагічную культуру ў выхаванцаў.

Работа над праектам складалася з некалькіх этапаў. Спачатку педагогі расказалі бацькам пра яго значнасць і спосабы рэалізацыі, высветлілі магчымасці і пажаданні кожнай сям'і. Затым азнаёмілі бацькоў з літаратурай пра пакаёвыя расліны і тэхналогіяй іх вырошчвання. Шмат цікавага бацькі даведаліся падчас віктарыны «Што вы ведаеце пра пакаёвыя расліны?» і тэматычнай гутаркі «Карысныя ўласцівасці пакаёвых раслін». Быў паказаны класны куток «Нашы зялёныя сябры».

У рамках праекта бацькі і дзеці наведалі краму «Кветкі» і аднайменную выставу творчых работ у Ляхавіцкім тэрытарыяльным цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва.

Пасля падрыхтоўчага этапу бацькі, абапіраючыся на ўласныя веды і практычны вопыт, пачалі працаваць з дзецьмі. Падчас рэалізацыі праекта мамы кансультаваліся з педагогамі наконт выбару віду пакаёвай расліны, ёмістасці для яе і глебавай сумесі, тэхналогіі пасадкі і догляду, назірання за ростам і развіццём, прэзентацыі зялёных гадаванцаў і выканання творчых работ.

Дзеці з цікавасцю вырошчвалі і даглядалі кветкі ў дамашніх умовах.

Завяршыўся праект выставай творчых работ «Мая кветка» і паказам зялёных гадаванцаў. Усе ўдзельнікі праекта атрымалі вялікае задавальненне ад сумеснай дзейнасці і гатовы да ажыццяўлення новых задум.   

Наталія ДЫЛЕЎСКАЯ,

настаўнік-дэфектолаг Ляхавіцкага раённага ЦКРНіР.