Набліжаецца 1 верасня
21.8.2012Набліжаецца 1 верасня. Аб тым, наколькі сістэма адукацыі Брэстчыны падрыхтавана да пачатку новага навучальнага года, нашай газеце расказаў намеснік начальніка ўпраўлення адукацыі Брэсцкага аблвыканкама Станіслаў Уладзіміравіч Бруцкі:
- Першага верасня дзяцей прымуць 1318 устаноў адукацыі вобласці, што на 15 устаноў менш, чым летась. У ходзе аптымізацыі ўстаноў адукацыі былі закрыты 16 малакамплектных школ, а 6 устаноў рэарганізаваны. Для падвозу сельскіх вучняў будуць задзейнічаны 274 школьныя аўтобусы, а таксама транспарт сельскагаспадарчых і іншых прадпрыемстваў.
У верасні адкрыюцца сярэднія школы-новабудоўлі ў вёсках Вулька-2 Лунінецкага раёна (на 168 вучнёўскіх месцаў) і Гвозніца Маларыцкага раёна (на 120 вучнёўскіх месцаў), а таксама вучэбна-педагагічны комплекс “сад – школа” на 168 вучнёўскіх і 20 дашкольных месцаў у вёсцы Альгомель Столінскага раёна. Акрамя таго, да канца гэтага года плануецца здаць у эксплуатацыю дзіцячыя сады ў Брэсце, Пінску і вёсцы Лінова Пружанскага раёна на 260, 170 і 95 месцаў адпаведна і 5 аднакватэрных жылых дамоў для сем’яў, што выхоўваюць дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без бацькоўскай апекі.
Сёлета на рамонт устаноў адукацыі вобласці было накіравана 74 мільярды рублёў (гадавы план – 150 мільярдаў). Амаль ва ўсіх раёнах прадугледжаны рост асігнаванняў на рамонтныя работы ў параўнанні з мінулым годам. Капітальным рамонтам ахоплены 59 школ і 30 дзіцячых садоў. На ўмацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы навучальных устаноў прыцягнута каля 13,3 мільярда рублёў пазабюджэтных сродкаў.
Шмат зроблена па добраўпарадкаванні тэрыторый устаноў адукацыі. Вялікі аб’ём работ выкананы па тэхналагічным аснашчэнні харчаблокаў.
Сёлета былі набыты вучэбна-лабараторнае абсталяванне, сродкі навучання і камп’ютарная тэхніка амаль на 4 мільярды рублёў. Так, ва ўстановы адукацыі пастаўлены 17 камп’ютарных класаў, 4 лінгафонныя кабінеты, 40 вылічальных і 12 мультымедыйных комплексаў, 44 камплекты лабараторных работ па фізіцы, 7 швейных машын, тэлевізары і інш.
З дзіцячых садоў быў выведзены 41 клас вучняў-пачаткоўцаў, што дазволіла вызваліць 850 месцаў для размяшчэння дашкольнікаў у Брэсце, Пінску, Баранавічах і сельскіх рэгіёнах.
Першага верасня за парты сядуць каля 156 тысяч школьнікаў, што на 1,3 тысячы менш, чым летась. Адукацыйны працэс будуць ажыццяўляць каля 32 тысяч педагагічных работнікаў.
Усе ўстановы адукацыі забяспечаны педагагічнымі кадрамі. Вакансіі “дэфіцытных” настаўнікаў фізіка-матэматычнага профілю запаўняюцца пенсіянерамі і студэнтамі старшых курсаў ВНУ. Сітуацыя з забеспячэннем школ настаўнікамі фізікі і хіміі па-ранейшаму не паляпшаецца. Гэта нядзіўна, калі ўлічыць, што сёлетні конкурс у БрДУ імя А.С.Пушкіна на спецыяльнасць “Фізіка” склаў усяго 0,5 заявы на месца.
Запісаў Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.
“Настаўніцкая газета”.