Прэміі аблвыканкама – лепшым вучням і педагогам
28.5.2012Прэміі аблвыканкама – лепшым вучням і педагогам
У Брэсцкім абласным грамадска-культурным цэнтры адбылася цырымонія ўручэння прэмій аблвыканкама вучням-пераможцам заключнага этапу сёлетняй рэспубліканскай прадметнай алімпіяды і настаўнікам, што займаліся іх падрыхтоўкай. У мерапрыемстве прыняў удзел кіраўнік Брэстчыны К.А.Сумар.
- Адукацыя – адна з ключавых сфер нашага жыцця, - адзначыў губернатар. – Якасць адукацыі вызначае стан эканомікі, узровень навукі і культуры, духоўнасці нацыі. Улічваючы гэта, дзяржава ўдзяляе асаблівую ўвагу таленавітай моладзі. Лепшыя школьнікі і іх настаўнікі адзначаюцца прэміямі і стыпендыямі спецыяльнага прэзідэнцкага фонду па падтрымцы адораных вучняў і студэнтаў. Летась узнагароды фонду атрымалі 162 навучэнцы і 15 педагогаў Брэстчыны.
З 2006 года ў вобласці ўручаюцца прэміі аблвыканкама. Сёння лаўрэатамі прэміі з’яўляюцца звыш 500 вучняў і педагогаў. Сустрэчы кіраўніцтва вобласці з прызёрамі алімпіяд і таленавітымі педагогамі сталі ўжо традыцыйнымі.
Сёлета каманда Брэстчыны заваявала ў заключным этапе рэспубліканскай прадметнай алімпіяды 68 дыпломаў. За кожным з іх стаіць цяжкая і карпатлівая праца настаўнікаў і іх выхаванцаў.
Па выніках рэспубліканскай алімпіяды 4 вучні вобласці з’яўляюцца кандыдатамі ў зборныя каманды краіны на міжнародных інтэлектуальных спаборніцтвах: Раман Кажадуб з камянецкай сярэдняй школы № 2 (настаўнік фізікі М.М.Макаед), Уладзіслаў Трухановіч з лунінецкай сярэдняй школы № 2 (настаўнік інфарматыкі І.А.Трагубаў), Аляксей Кірыковіч з Ганцавіцкай гімназіі (настаўніца геаграфіі Т.С.Цюкіна) і Аляксей Салдаткін з Тэльмаўскай сярэдняй школы Брэсцкага раёна (настаўніца геаграфіі Т.П.Горная).
Сярод пераможцаў алімпіяды традыцыйна шмат вучняў з Брэста, Баранавіч і Пінска. Асабліва радуюць дасягненні педагогаў і іх выхаванцаў з пінскай сярэдняй школы № 16, брэсцкіх сярэдніх школ №№ 7 і 15, гімназій №№ 1 і 5 і ліцэя № 1 імя А.С.Пушкіна, баранавіцкіх сярэдніх школ №№ 7 і 18 і гімназіі № 3. Так, трое выхаванцаў дырэктара брэсцкай гімназіі № 5, настаўніцы іспанскай мовы Л.М.Амельянюк атрымалі сёлета дыпломы рознай вартасці. Па два дыпломы прывезлі з рэспубліканскай алімпіяды вучні настаўніка фізікі камянецкай сярэдняй школы № 2 М.М.Макаеда, настаўніцы абслуговай працы пінскай сярэдняй школы № 16 Н.П.Шаламіцкай, настаўніцы гісторыі брэсцкага ліцэя № 1 імя А.С.Пушкіна Г.Э.Навуменка і настаўніцы нямецкай мовы брэсцкай сярэдняй школы № 7 Н.У.Петрачук.
За больш як 30 гадоў педагагічнай дзейнасці выхаванцы дырэктара брэсцкай гімназіі № 5 Л.М.Амельянюк больш за 50 разоў станавіліся прызёрамі рэспубліканскай прадметнай алімпіяды. Што хаваецца за такімі вынікамі і як іх дасягнуць?
- У аснове поспеху ляжаць прафесіяналізм педагога, яго гатоўнасць да сістэматычнай і самаахвярнай працы з высокаматываванымі дзецьмі, а таксама належныя ўмовы для работы. Галоўнае, каб інтарэсы дзяцей супадалі з інтарэсамі настаўнікаў. Тады ўсё атрымаецца! – прызналася Людміла Мікалаеўна.
Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.
НА ЗДЫМКУ: Л.М.Амельянюк са сваімі выхаванцамі, дзесяцікласніцамі Аленай Богдан, Аляксандрай Чараднічэнка і Юліяй Барысюк.