Фестываль

2.5.2012

У Брэсцкім абласным інстытуце развіцця адукацыі прайшоў VІІ Абласны фестываль школьных тэатральных калектываў “Асарці” на замежнай мове. У мерапрыемстве прынялі ўдзел больш за 400 вучняў з 16 раёнаў вобласці.

- Фестываль, які праходзіць у рамках рэспубліканскай і абласной праграм “Маладыя таленты Беларусі”, з’яўляецца адной з форм пазакласнай работы, што садзейнічае развіццю і падтрыманню інтарэсу вучняў да замежнай мовы, павышэнню ўзроўню практычных навыкаў гаварэння, а таксама развіццю творчых здольнасцей, эстэтычнага густу, уяўлення, памяці і ўвагі, - расказала метадыст Брэсцкага абласнога ІРА І.М.Жогла. – У фестывалі ўдзельнічаюць вучні рознага ўзросту і рознай ступені навучанасці. Мерапрыемства здымае цяжкасці ў зносінах, робіць дзяцей больш упэўненымі ў сваіх магчымасцях, рыхтуе да будучай прафесіі.

З году ў год павышаецца майстэрства тэатральных калектываў: удасканальваецца выразнасць маўлення школьнікаў, літаратурныя вобразы максімальна адпавядаюць задуме твораў, касцюмы і дэкарацыі, вырабленыя рукамі вучняў і настаўнікаў, становяцца больш маляўнічымі і відовішчнымі.

Сёлета тэатралізаваныя пастаноўкі былі прадстаўлены на трох замежных мовах – англійскай, нямецкай і французскай. Пры ацэньванні выступленняў улічваліся мастацкая каштоўнасць твораў, сцэнічнае і творчае ўвасабленне іх задумы, перадача літаратурных вобразаў, выразнасць і правільнасць маўлення, узровень валодання замежнай мовай з улікам узроставых асаблівасцей і інтарэсаў вучняў, а таксама афармленне дэкарацый і касцюмы.>

Па выніках фестывалю дыпломы І ступені атрымалі вучні брэсцкай гімназіі № 2 за пастаноўку п’есы Б.Шоу “Пігмаліён” (кіраўнік С.І.Кныш), брэсцкага дзіцячага сада – пачатковай школы № 1 за пастаноўку казкі на новы лад “Царэўна Несмяяна” (кіраўнік Т.А.Мосіна), пружанскай гімназіі за пастаноўку мюзікла “Пружанская шляхта” (кіраўнікі В.М.Кавалевіч і Г.У.Архуцік), брэсцкай сярэдняй школы № 15 за пастаноўку п’есы С.Шаню і Ж.Шалена “Крама шчасця” (кіраўнік Т.Р.Ільяшэвіч), пінскай сярэдняй школы № 12 за пастаноўку “Мэры Попінс” (кіраўнікі І.В.Шыхуцкая і Т.А.Васіленка) і баранавіцкай гімназіі № 5 за пастаноўку твора О.Уальда “Зорны хлопчык” (кіраўнік М.У.Шэка).

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.