Лепшыя ў энергазберажэнні

24.01.2018
На Брэстчыне вызначылі пераможцаў абласнога этапу Рэспубліканскага конкурсу “Энергамарафон”. Арганізатарамі спаборніцтва, у якім прынялі ўдзел 207 работ, выступілі ўпраўленне адукацыі Брэсцкага аблвыканкама і Брэсцкі абласны ІРА.

- Аналіз конкурсных матэрыялаў паказаў, што ў вобласці вядзецца сістэмная работа па фарміраванні актыўнай сацыяльнай пазіцыі моладзі да рацыянальнага выкарыстання энергарэсурсаў і беражлівых адносін да навакольнага асяроддзя, павышэнні культуры энергаспажывання, выяўленні і распаўсюджванні эфектыўнага вопыту ўстаноў адукацыі ў галіне энергазберажэння, - расказала метадыст вучэбна-метадычнага цэнтра ідэалагічнай і выхаваўчай работы Брэсцкага абласнога ІРА А.А.Катко. – Актыўны ўдзел у конкурсе прынялі ўстановы дадатковай і спецыяльнай адукацыі, якія падрыхтавалі 37 і 9 работ адпаведна. На жаль, не ўсе работы вылучаліся навізной прапанаванага матэрыялу. Пераможцы вызначаліся ў намінацыях “Праект практычных мерапрыемстваў па энергазберажэнні”, “Культурна-відовішчнае мерапрыемства па прапагандзе эфектыўнага і рацыянальнага выкарыстання энергарэсурсаў”, “Мастацкая работа па прапагандзе эфектыўнага і рацыянальнага выкарыстання энергарэсурсаў (відэаролік, лістоўка, плакат, малюнак)” і “Сістэма адукацыйнага працэсу і інфармацыйна-прапагандысцкай работы ў сферы энергазберажэння ва ўстанове адукацыі”.

Па выніках конкурсу дыпломы І ступені атрымалі Яўген Бараноўскі з гімназіі № 5 Баранавіч (праект “Сонечная электрастанцыя на даху гімназіі”), выхаванцы Палаца дзіцячай творчасці Баранавіч (тэатралізаванае мерапрыемства “Калі мы разам…”), Максім Канановіч і Мікіта Яфрэмаў з ліцэя Івацэвіцкага раёна (відэаролік “Рэклама энергазберагальных лямпачак”), Аксана Патапчук са спецыялізаванага дзіцячага сада № 17 для дзяцей з парушэннем зроку Пінска (лістоўка “З павагай да энергазберажэння”), Соф’я Тулейка і Ганна Казляк з Брэсцкага абласнога цэнтра інавацыйнай і тэхнічнай творчасці (Пінск) (плакат “3 Э! Гарантыя будучыні”), Варвара Расцецкая з сярэдняй школы № 2 Кобрына (малюнак “Хопіць маляваць – дзейнічай!”), а таксама педкалектыў Відамлянскай сярэдняй школы Камянецкага раёна.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.