Аснова здароўя – веды

02.05.2019
Дваццаць трэці раз горад над Бугам сабраў удзельнікаў абласной алімпіяды сярод школьнікаў і навучэнцаў устаноў прафесійнай адукацыі па пытаннях здаровага ладу жыцця. Арганізавалі спаборніцтва галоўныя ўпраўленні па адукацыі і ахове здароўя Брэсцкага аблвыканкама, Брэсцкі абласны цэнтр гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя і Брэсцкі абласны ІРА.

- Пытанні, звязаныя са здаровым ладам жыцця, актуальныя для кожнага чалавека, - расказала метадыст Брэсцкага абласнога ІРА С.І.Гарошка. – Алімпіяда дапамагае задумацца пра самую вялікую каштоўнасць у жыцці – уласнае здароўе і здароўе родных. Важна, каб удзельнікі спаборніцтва абавязкова прымянялі атрыманыя веды ў адносінах да сябе і адначасова прапагандавалі здаровы лад жыцця сярод равеснікаў.

Нягледзячы на тое, што курс “Здаровы лад жыцця” выкладаецца ва ўстановах адукацыі факультатыўна, мэтазгоднасць профільнай алімпіяды бясспрэчная, паколькі такая форма работы павышае цікавасць дзяцей да ўласнага здароўя, актывізуе пазакласную і пазашкольную дзейнасць па фарміраванні здаровага ладу жыцця, прапагандуе карысныя веды сярод моладзі.

Абласному спаборніцтву папярэднічалі школьныя і раённыя (гарадскія) алімпіяды, якія вызначылі найбольш эрудзіраваных васьмікласнікаў, дзесяцікласнікаў і навучэнцаў устаноў прафесійнай адукацыі. Сёлета ў Брэст з’ехаліся 74 удзельнікі. Многія алімпіяднікі прыязджаюць на спаборніцтва ўжо не першы раз, што сведчыць пра ўсвядомлены выбар актыўнай жыццёвай пазіцыі.

Алімпіяда праходзіла на базе Брэсцкага абласнога інстытута развіцця адукацыі. На працягу трох гадзін удзельнікі інтэлектуальнага спаборніцтва выконвалі тэставыя заданні, якія тычыліся рацыянальнага харчавання, валеалогіі, прафілактыкі тытунекурэння, СНІДу, інфекцый, якія перадаюцца палавым шляхам, і ўжывання псіхаактыўных рэчываў. Адно з заданняў насіла творчы характар. Па словах членаў журы, алімпіяднікі паказалі даволі высокі ўзровень падрыхтоўкі.

Дыпломы І ступені атрымалі васьмікласніца Аляксандра Сідарчэнка з сярэдняй школы № 15 Баранавіч, дзесяцікласніца Дзіяна Парман з сярэдняй школы № 19 Баранавіч і Аляксей Шасцерык з Пружанскага дзяржаўнага аграрна-тэхнічнага каледжа.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.