Лад жыцця – прававы

02.05.2019
На Брэстчыне вызначылі пераможцаў ХV Абласной алімпіяды па прававых ведах сярод школьнікаў і навучэнцаў устаноў прафесійнай адукацыі. Арганізатарамі спаборніцтва выступілі галоўнае ўпраўленне па адукацыі Брэсцкага аблвыканкама і Брэсцкі абласны ІРА пры падтрымцы юрыдычнага факультэта БрДУ імя А.С.Пушкіна

У сёлетнім прававым марафоне, які праходзіў на базе Брэсцкага абласнога ІРА, удзельнічалі 74 навучэнцы-пераможцы раённых (гарадскіх) этапаў спаборніцтва.

- Юрыдычныя веды неабходны кожнаму чалавеку, - адзначыла метадыст Брэсцкага абласнога ІРА А.Д.Плісюк. – Алімпіяда не толькі павышае цікавасць дзяцей да вывучэння права, актывізуе пазакласную і пазашкольную работу па прававой асвеце і выхаванні навучэнцаў, але і фарміруе ў моладзі юрыдычную свядомасць, агульную прававую культуру, гатоўнасць жыць і дзейнічаць у адпаведнасці з прынятымі законамі, а таксама вучыць выкарыстоўваць прававыя веды ў розных сітуацыях і відах дзейнасці. Акрамя таго, гэта добрая магчымасць вызначыцца з будучай прафесіяй. На юных правазнаўцаў можна надзейна абапірацца ў прафілактычных мерапрыемствах з падлеткамі. Прававая культура павінна стаць ладам жыцця кожнага школьніка.

За тры гадзіны, на працягу якіх доўжылася алімпіяда, навучэнцы 9 – 10 класаў і ўстаноў прафесійнай адукацыі адказвалі на тэставыя пытанні, суадносілі паняцці, азначэнні і тэрміны, рашалі юрыдычныя задачы паводле розных жыццёвых сітуацый. Усё гэта патрабавала ад навучэнцаў грунтоўных ведаў грамадзянскага, крымінальнага, сямейнага, працоўнага, адміністратыўнага і канстытуцыйнага заканадаўства.

Аналізуючы вынікі алімпіяды, члены журы з ліку выкладчыкаў юрыдычнага факультэта БрДУ імя А.С.Пушкіна, адзначылі, што падлеткі паказалі даволі высокі ўзровень прававой падрыхтоўкі. Гэта, безумоўна, з’яўляецца заслугай іх педагогаў.

Дыпломы І ступені атрымалі дзевяцікласніцы Ганна Каралевіч з сярэдняй школы № 14 Пінска і Арына Гаўрыльчык з гімназіі № 2 Баранавіч, дзесяцікласніцы Карына Перашчук з сярэдняй школы № 4 Іванава і Ала Макарэвіч са Страдзецкай сярэдняй школы імя М.Е.Зайца Брэсцкага раёна, а таксама Вікторыя Ваўрынюк са Столінскага дзяржаўнага аграрна-эканамічнага каледжа і Уладзіслаў Зылевіч з Пінскага дзяржаўнага аграрнага тэхналагічнага каледжа.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.