Юныя праграмісты

22.02.2018
Выхаванцы Маларыцкай раённай гімназіі не толькі на павышаным узроўні вывучаюць хімію і біялогію, фізіку і матэматыку, англійскую і рускую мову, гісторыю і грамадазнаўства, але і сур’ёзна цікавяцца праграмаваннем, нягледзячы на тое, што такога прадмета ў школьным раскладзе няма.

- Дзеці займаюцца праграмаваннем на падтрымліваючых, стымулюючых і факультатыўных занятках, а таксама на занятках рэсурснага цэнтра і аб’яднання па інтарэсах “Юны праграміст”, - расказвае настаўнік інфарматыкі І.В.Гардынец. – Асноўная ўвага на гэтых занятках удзяляецца развіццю алгарытмічнага, структурнага і эўрыстычнага мыслення. Вучні не проста набываюць і замацоўваюць неабходныя веды, а развіваюць інтэлектуальныя здольнасці, уменні думаць, лагічна даказваць, разважаць, аналізаваць і прагназаваць.

Выхаванцы І.В.Гардынца – пастаянныя ўдзельнікі розных дыстанцыйных інтэрнэт-алімпіяд. Паспяхова выступаюць вучні і ў заключным этапе Рэспубліканскай алімпіяды па інфарматыцы. Так, у 2016 годзе Пётр Дымарчук атрымаў па яе выніках дыплом ІІ ступені, а Сцяпан Сланеўскі – дыплом ІІІ ступені. У абласным этапе сёлетняй рэспубліканскай прадметнай алімпіяды адзінаццацікласнік Сяргей Астапук узяў дыплом ІІІ ступені.

Вучні І.В.Гардынца – частыя госці рэгіянальных падраздзяленняў вядомых ІТ-кампаній. Экскурсіі добра матывуюць дзяцей да сур’ёзных заняткаў праграмаваннем. Вучні бачаць, што работа ў такіх кампаніях адкрывае новыя перспектывы прафесійнага росту, стымулюе да самаразвіцця і самаўдасканалення, забяспечвае высокі матэрыяльны дастатак. На думку настаўніка, сярод гімназістаў шмат перспектыўных праграмістаў.

- Праграміст – прафесія сучасная і запатрабаваная, - гаворыць шасцікласнік Мацвей Наўрасюк. – Хацелася б працаваць у адным з офісаў вядомай ІТ-кампаніі. Разумею, што для ажыццяўлення такой мары неабходна штодзённая, удумлівая і карпатлівая праца. Каб стаць добрым праграмістам, трэба сур’ёзна вывучаць інфарматыку, матэматыку і англійскую мову. Думаю, пад кіраўніцтвам педагога змагу за некалькі гадоў максімальна наблізіцца да задуманага.

Мікалай НАВУМЧЫК,

намеснік дырэктара па вучэбна-метадычнай рабоце Маларыцкай раённай гімназіі.