З кіраўніцкім талентам

27.02.2018
На Брэстчыне вызначылі лепшага дырэктара ўстановы прафесійнай адукацыі. Арганізатарамі абласнога конкурсу, у якім удзельнічалі кіраўнікі 31 ПТНУ і ССНУ, выступілі ўпраўленне адукацыі Брэсцкага аблвыканкама і Брэсцкі абласны вучэбна-метадычны цэнтр прафесійнай адукацыі пры падтрымцы галіновых прафсаюзаў.

- Конкурс праводзіўся з мэтай павышэння эфектыўнасці кіраўніцкай дзейнасці дырэктараў устаноў прафесійнай адукацыі, - расказаў старшыня журы конкурсу першы намеснік начальніка абласнога ўпраўлення адукацыі А.Ф.Жук. – Спаборніцтва – добрая магчымасць для развіцця творчых і прафесійных кампетэнцый кіраўнікоў, вывучэння і распаўсюджвання цікавага кіраўніцкага вопыту, фарміравання пазітыўнага іміджу кіраўнікоў.

Конкурс складаўся з двух этапаў – завочнага і вочнага. Удзельнікі першага этапу пісалі эсэ “Мае кіраўніцкія стратэгіі – поспех дзейнасці ўстановы адукацыі”, стваралі відэасюжэты на тэму “Мой педагагічны вопыт” і рыхтавалі выніковыя матэрыялы конкурсу на лепшую ўстанову прафесійнай адукацыі. Пераможцамі завочнага этапу сталі Віктар Сцяпанавіч Нічыпарук з Кобрынскага дзяржаўнага прафесійнага ліцэя сферы абслугоўвання, Васіль Васільевіч Нагурны з Абласнога аграрна-вытворчага прафесійнага ліцэя Драгічына, Мікалай Іосіфавіч Вакульчык з Пінскага дзяржаўнага аграрнага тэхналагічнага каледжа, Ігар Генадзьевіч Сібіроў з Баранавіцкага дзяржаўнага прафесійнага ліцэя машынабудавання і Міхаіл Яўгенавіч Дымовіч з Івацэвіцкага дзяржаўнага прафесійнага ліцэя сельскагаспадарчай вытворчасці. Гэтыя кіраўнікі сустрэліся ў заключным этапе конкурсу, які праходзіў у Брэсцкім дзяржаўным каледжы сувязі. Фіналісты спаборнічалі ў вусных публічных выступленнях, дзе расказвалі пра сябе і любімую работу, удзельнічалі ў спарынг-дэбатах на розныя тэмы, імправізавалі ў прапанаваных заданнях, праходзілі прафесійны тэст на веданне заканадаўча-нарматыўнай базы ў галіне кіраўніцкай дзейнасці, паказвалі творчыя здольнасці, дзяліліся жыццёвымі інтарэсамі, вырашалі нестандартныя сітуацыі і праблемы. Акрамя таго, каманды ўстаноў адукацыі рыхтавалі візітоўкі на тэму “Мой дырэктар самы лепшы”.

- Сучасны кіраўнік павінен быць прафесійна дасведчаным і кампетэнтным, умець аператыўна прымаць аптымальныя рашэнні, распрацоўваць стратэгію развіцця ўстановы, забяспечваць яе інавацыйнае развіццё, хутка і гнутка рэагаваць на змены, - лічыць В.С.Нічыпарук.

- Добры дырэктар вядзе сваю ўстанову да поспеху і працвітання, стварае ў ёй атмасферу творчасці, супрацоўніцтва, узаемаразумення і падтрымкі. Добры кіраўнік – гэта найперш надзейны сябар, настаўнік і паплечнік, які заўсёды разам са сваімі калегамі і выхаванцамі, - гаворыць В.В.Нагурны.

- Прызначэнне на кіраўніцкую пасаду – гэта не толькі прыемная і важная падзея ў кар’еры, але і цяжкая і адказная праца. На дырэктары ляжыць адказнасць за належнае функцыянаванне ўстановы адукацыі, яе фінансава-гаспадарчую дзейнасць, якасць адукацыйнага працэсу, фізічную і псіхалагічную бяспеку навучэнцаў, - мяркуе М.І.Вакульчык.

- Мяне радуюць добрыя адносіны ў калектыве, таму імкнуся ствараць у ім атмасферу клопату пра здароўе і дабрабыт, гонар і павагу да педагогаў. Нельга навязваць падначаленым метады работы, прымушаць да творчага росту. Трэба ствараць належныя ўмовы для гэтага, - упэўнены І.Г.Сібіроў.

- Быць кіраўніком – гэта не азначае працаваць на адпаведнай пасадзе. Кіраўніцтва – гэта стыль жыцця. Кіраўнік не вызваляецца ад сваіх абавязкаў ні дома, ні ў адпачынку, ні вечарам, ні нават ноччу. Усе кіраўніцкія задачы жывуць з табой пастаянна і падсвядома афармляюцца ў рашэнні, - прызнаецца М.Я.Дымовіч.

Па выніках усіх конкурсных выпрабаванняў лепшым дырэктарам стаў В.С.Нічыпарук з Кобрынскага дзяржаўнага прафесійнага ліцэя сферы абслугоўвання. На 2-м месцы – М.Я.Дымовіч з Івацэвіцкага дзяржаўнага прафесійнага ліцэя сельскагаспадарчай вытворчасці, на 3-м – В.В.Нагурны з Абласнога аграрна-вытворчага прафесійнага ліцэя Драгічына. Педагагічны стаж пераможцаў конкурсу – 36, 34 і 40 гадоў адпаведна. Фіналісты атрымалі грашовыя прэміі і каштоўныя падарункі.

- У сістэме прафесійнай адукацыі Брэстчыны шмат таленавітых кіраўнікоў, здольных з дапамогай сваіх калектываў паспяхова вырашаць актуальныя задачы не толькі сённяшняга, але і заўтрашняга дня, - адзначыў начальнік абласнога ўпраўлення адукацыі Ю.М.Прасмыцкі.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.

НА ЗДЫМКУ: фіналісты конкурсу з начальнікам абласнога ўпраўлення адукацыі Ю.М.Прасмыцкім (пяты злева).

Фота аўтара.