Юныя інтэлектуалы
28.03.2018Інтэлектуальны рух займае важнае месца ў адукацыйным працэсе нашай гімназіі. Доўгі час гімназічны клуб юных знаўцаў узначальвала Надзея Андрэеўна Петручэня, якая распрацавала сістэму заняткаў для падрыхтоўкі вучняў да ўдзелу ў інтэлектуальных турнірах. Выхаванцы педагога не раз станавіліся пераможцамі абласных і рэспубліканскіх спаборніцтваў.
Сёння добрыя традыцыі інтэлектуальнага руху працягвае Андрэй Валер’евіч Казак. Пад кіраўніцтвам педагога дзейнічае клуб спартыўна-масавых гульняў, у якім штотыдзень праходзяць заняткі з вучнямі рознага ўзросту.
У сваёй рабоце Андрэй Валер’евіч актыўна выкарыстоўвае сучасныя інфармацыйныя тэхналогіі і розныя гульнявыя заданні. Нестандартныя формы правядзення заняткаў вельмі падабаюцца вучням, якія з вялікім задавальненнем наведваюць іх.
Галоўная мэта педагога – зацікавіць дзяцей гульнёй, стварыць сітуацыю поспеху і сфарміраваць пазнавальныя інтарэсы для развіцця дзіцячай ініцыятывы. Дзякуючы намаганням А.В.Казака, у гімназіі створаны 5 інтэлектуальных каманд, якія вынікова ўдзельнічаюць у раённых турнірах.
Кожную каманду ўзначальвае капітан – бясспрэчны лідар сярод равеснікаў. Назвы каманд даволі незвычайныя: “Сябры Алеся Мухіна”, “9 кілаграмаў шэрага”, NAVI.
Штогод каманды пэўнай узроставай групы ўдзельнічаюць у сінхронным абласным турніры, які з’яўляецца другім этапам Рэспубліканскага чэмпіянату па інтэлектуальных гульнях. Летась “Сябры Алеся Мухіна” ўвайшлі ў сямёрку лепшых каманд краіны па выніках рэспубліканскага спаборніцтва. Не адстаюць ад “Сяброў…” і каманды “9 кілаграмаў шэрага” і NAVI, якія даволі ўдала ўдзельнічаюць у сёлетнім Брэсцкім адкрытым абласным турніры па інтэлектуальных гульнях “Кубак Яраслава Мудрага”.
Інтэлектуальны клуб – добрая школа выхавання і эфектыўны сродак развіцця пазнавальных інтарэсаў сучасных вучняў.
Наталля АНІШЧАНКА,
намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце гімназіі Ганцавіч.