Веды – для здароўя

07.05.2018
Дваццаць другі раз горад над Бугам сабраў удзельнікаў абласной алімпіяды сярод школьнікаў і навучэнцаў устаноў прафесійнай адукацыі па пытаннях здаровага ладу жыцця. Арганізавалі спаборніцтва ўпраўленні адукацыі і аховы здароўя Брэсцкага аблвыканкама, а таксама Брэсцкі абласны цэнтр гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя.

- Пытанні, звязаныя са здаровым ладам жыцця, актуальныя для кожнага чалавека, - расказала метадыст вучэбна-метадычнага аддзела агульнаадукацыйных вучэбных прадметаў Брэсцкага абласнога ІРА С.І.Гарошка. – Алімпіяда дапамагае задумацца пра самую вялікую каштоўнасць у жыцці – уласнае здароўе і здароўе родных. Важна, каб удзельнікі спаборніцтва абавязкова прымянялі атрыманыя веды ў адносінах да сябе і адначасова прапагандавалі здаровы лад жыцця сярод равеснікаў.

Нягледзячы на тое, што курс “Здаровы лад жыцця” выкладаецца ва ўстановах адукацыі факультатыўна, мэтазгоднасць профільнай алімпіяды бясспрэчная, паколькі такая форма работы павышае цікавасць дзяцей да ўласнага здароўя, актывізуе пазакласную і пазашкольную дзейнасць па фарміраванні здаровага ладу жыцця, прапагандуе карысныя веды сярод моладзі.

Абласному спаборніцтву папярэднічалі школьныя і раённыя (гарадскія) алімпіяды, якія вызначылі найбольш эрудзіраваных васьмікласнікаў, дзесяцікласнікаў і навучэнцаў устаноў прафесійнай адукацыі. Сёлета ў Брэст з’ехаліся 79 удзельнікаў. Многія алімпіяднікі прыязджаюць на спаборніцтва ўжо не першы раз, што сведчыць пра ўсвядомлены выбар актыўнай жыццёвай пазіцыі.

Алімпіяда праходзіла на базе Брэсцкага абласнога інстытута развіцця адукацыі. На працягу трох гадзін удзельнікі інтэлектуальнага спаборніцтва выконвалі тэставыя заданні, якія тычыліся рацыянальнага харчавання, валеалогіі, прафілактыкі тытунекурэння і ВІЧ/СНІДу, а таксама ўжывання псіхаактыўных рэчываў. Акрамя таго, навучэнцы выконвалі творчае заданне. У цэлым, па словах членаў журы, алімпіяднікі паказалі даволі высокі ўзровень падрыхтоўкі.

Дыпломы І ступені атрымалі васьмікласніца Вікторыя Ластавецкая з гімназіі Драгічына, дзесяцікласніца Ангеліна Карчэўская з Тальмінавіцкай сярэдняй школы Ляхавіцкага раёна і Алёна Падабедава з Абласнога аграрна-вытворчага прафесійнага ліцэя Драгічына.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.