Моўнае “Асарці”

28.05.2018
У горадзе над Бугам падвялі вынікі ХІІІ Абласнога фестывалю школьных тэатральных калектываў на замежнай мове “Асарці”. У творчым спаборніцтве, якое праходзіла на базе Брэсцкага абласнога інстытута развіцця адукацыі, удзельнічалі каля 230 дзяцей.

- Фестываль з’яўляецца адной з форм пазакласнай работы, якая фарміруе і падтрымлівае цікавасць вучняў да замежнай мовы, павышае ўзровень практычных навыкаў гаварэння, выхоўвае паважлівае стаўленне да нацыянальнай культуры і прадстаўнікоў іншых культур, развівае творчыя здольнасці, эстэтычны густ, уяўленне, памяць і ўвагу, - расказала метадыст Брэсцкага абласнога ІРА В.А.Сташчанюк. – У фестывалі ўдзельнічаюць вучні рознага ўзросту з рознай ступенню навучанасці. Спаборніцтва знімае цяжкасці ў зносінах, робіць дзяцей больш упэўненымі ў сваіх магчымасцях, рыхтуе да стасункаў у сферы будучай дзейнасці, выхоўвае ў дыялогу культур. Сёлета тэатралізаваныя пастаноўкі былі прадстаўлены на англійскай, нямецкай і французскай мовах.

З году ў год павышаецца тэатральнае майстэрства школьных калектываў. Журы адзначыла высокі ўзровень маўлення юных акцёраў, іх камунікатыўных уменняў, арыгінальнасць і крэатыўнасць ва ўвасабленні сцэнічных вобразаў. Больш разнастайнымі сталі касцюмы і дэкарацыі, створаныя пераважна рукамі настаўнікаў і вучняў.

Фестываль выяўляе і развівае таленты не толькі дзяцей, але і педагогаў. Многія з іх перакладаюць творы беларускіх аўтараў на замежную мову, пішуць уласныя сцэнарыі. Сёлета на сцэне былі паказаны 19 пастановак: “Кентарвільскі прывід”, “Мэры Попінс”, “У краіне вясёлак”, “Трое з Прастаквашына” і інш.

Дыпломы І ступені атрымалі вучні сярэдняй школы № 15 Брэста (кіраўнік Г.А.Юрачка), ліцэя Івацэвіцкага раёна (кіраўнікі Г.С.Зыбайла і А.М.Сарока), сярэдняй школы № 3 Ганцавіч (кіраўнік Н.В.Ільіна) і гімназіі № 4 Баранавіч (кіраўнікі К.А.Дуньковіч і Я.А.Кузняцоў).

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.