На экскурсію па прафесію

04.05.2019
Чым раней вучні задумваюцца пра выбар будучай прафесіі, тым лягчэй ім у далейшым. Важна не толькі ясна ўяўляць яе характар, але і ведаць, якімі прафесійнымі навыкамі давядзецца авалодаць. Гэта асабліва актуальна для медыцынскай прафесіі, улічваючы яе спецыфіку. Урач адказвае за жыццё людзей і не мае права на памылкі. З мэтай прафарыентацыйнай падтрымкі дзевяцікласнікаў пры выбары профілю навучання і будучай сферы прафесійнай дзейнасці арганізоўваюцца азнаямленчыя экскурсіі ў Пінскі дзяржаўны медыцынскі каледж.

У пачатку экскурсіі школьнікі наведваюць кабінет па навучанні хірургіі, дзе бачаць імправізаваную аперацыйную і стол з манекенам чалавека ў натуральную велічыню. У акушэрскім класе вучні знаёмяцца з тым, як правільна спавіваць немаўля, рэанімаваць яго і даглядаць неданошаных дзяцей з дапамогай спецыяльнага абсталявання.    

У гінекалагічнай лабараторыі дэманструюцца абсталяванне радзільнай залы і макеты з паталогіямі плода. Школьнікі даведваюцца пра важнасць прафесіі акушэркі.

Вялікую цікавасць у вучняў выклікае імправізаваны клас-працэдурная, дзе ўсталяваны макеты для навучання ўнутрымышачным і ўнутрывенным ін’екцыям, пастаноўцы клізмы, прамыванню страўніка.

У анатамічным класе дзеці знаёмяцца са шкілетам чалавека, будовай мышачнай сістэмы і ўнутраных органаў.

Шмат карыснай інфармацыі вучні атрымліваюць на лекцыі па фармакалогіі ў адпаведнай лабараторыі. 

Падчас экскурсіі школьнікі разумеюць, што выбар медыцынскай прафесіі не можа быць выпадковым. Вучні, якія вырашаюць звязаць жыццё з медыцынай, выбіраюць біялогію ў якасці профільнага прадмета ў 10 – 11 класах. Для дзесяцікласнікаў арганізоўваюцца экскурсіі ў медыцынскія ўстановы Пінска, дзе яны не толькі знаёмяцца з асаблівасцямі іх работы, але і могуць на практыцы ажыццявіць, напрыклад, гематалагічнае даследаванне крыві. 

Падобныя мерапрыемствы дапамагаюць падвесці вучняў да ўсвядомленага выбару медыцынскай прафесіі ў цэлым і пэўнай медыцынскай спецыяльнасці ў прыватнасці, пераканацца, што медыцына патрабуе сур’ёзнай прафесійнай падрыхтоўкі.

Людміла КАЗАКОВА,

настаўніца біялогіі сярэдняй школы № 8 Пінска.