Заўсёды малады душой

04.05.2019
У кожнага чалавека свой шлях, які ён аднойчы выбірае і крочыць па ім усё жыццё. Уладзімір Аляксандравіч Жалезны – настаўнік не толькі па прафесіі, але і па прызванні. Больш за 30 гадоў ён працуе ў Люсінскім дзіцячым садзе – сярэдняй школе імя Якуба Коласа Ганцавіцкага раёна. Уладзімір Аляксандравіч любіць сваю работу, якая з’яўляецца для яго сінонімам жыцця.
- З дзяцінства захапляўся спортам і заўсёды з задавальненнем наведваў урокі фізкультуры, якія праводзіў Рыгор Іванавіч Амельяновіч, - расказвае педагог. – Актыўна ўдзельнічаў у спартыўных спаборніцтвах, дасягаў высокіх вынікаў. Перамогі фарміравалі камандны дух, прыносілі гонар за агульную справу. Гэта падштурхнула да выбару будучай прафесіі. Ужо ў школе ведаў, што стану настаўнікам фізкультуры, як Рыгор Іванавіч. Дзіцячую мару паспяхова ажыццявіў, чаму вельмі рад.  

Пасля заканчэння Гродзенскага тэхнікума фізічнай культуры малады спецыяліст працаваў трэнерам па лёгкай атлетыцы ў таварыстве “Чырвоны сцяг”. Работа была цікавая і перспектыўная, але Уладзіміра Аляксандравіча ўвесь час цягнула на малую радзіму. Вярнуўся. Спачатку ўладкаваўся ў Малькавіцкую сярэднюю школу, а праз невялікі час – у Люсінскую.

- Сучасны настаўнік павінен быць надзвычай камунікабельным і адкрытым чалавекам, які шчыра любіць дзяцей і лёгка знаходзіць з імі агульную мову, разумее і падтрымлівае ва ўсім, - лічыць У.А.Жалезны. – Педагог – гэта не проста прафесія, а сапраўднае прызванне. Сярод вучняў шмат таленавітых і фізічна адораных дзяцей. Галоўнае – своечасова заўважыць здольнасці і дапамагчы іх развіць, сарыентаваць да здаровага ладу жыцця. Працую па прынцыпе “не нашкодзь”. Імкнуся максімальна раскрыць патэнцыял кожнага дзіцяці. Мая мэта – выхаваць здаровых членаў грамадства, а не спартыўных зорак. Прывіваю вучням такія важныя якасці, як працавітасць, вынослівасць, вера ў сябе, сумленнасць, настойлівасць, імкненне да перамогі. 

Люсінскі дзіцячы сад – сярэдняя школа славіцца камандай лыжнікаў, куды ўваходзяць вучні 5 – 11 класаў. Гэта актыўныя і мэтанакіраваныя дзеці, якія з задавальненнем наведваюць трэніроўкі, рэгулярна ўдзельнічаюць у спаборніцтвах, дзе дасягаюць высокіх вынікаў. Каманда люсінскіх лыжнікаў – адна з наймацнейшых на Брэстчыне.

- На працягу некалькіх гадоў школьнікі даволі вынікова ўдзельнічаюць у спаборніцтвах па лёгкай атлетыцы, лыжных гонках і біятлоне, - гаворыць Уладзімір Аляксандравіч. – Так, летась вучні перамаглі ў абласных спаборніцтвах сярод дзяцей і падлеткаў па біятлоне “Снежны снайпер” на прызы Прэзідэнцкага спартыўнага клуба. Сёлетні год прынёс 1-е месца ў абласных спаборніцтвах па зімовым мнагаборстве сярод прызыўной і дапрызыўной моладзі “Абаронца Айчыны” і чарговую перамогу ў “Снежным снайперы”. На дасягнутым мы не спыняемся і настойліва рыхтуемся да новых спаборніцтваў.

Работа для У.А.Жалезнага – яго жыццё. Працуючы з дзецьмі, педагог не толькі падтрымлівае добрую фізічную форму, але і знаходзіцца ў няспынным руху. Настаўніцкая прафесія дазваляе заўсёды заставацца маладым душой.

- Спорт – гэтай найперш здароўе, якое не купіш за любыя грошы, - упэўнены Уладзімір Аляксандравіч. – У вольны час займаюся паляваннем і рыбалкай. Вельмі люблю прыроду. Свежае паветра дапамагае расслабіцца, сабрацца з думкамі, адпачыць ад штодзённых клопатаў. У жыцці кіруюся дэвізам “ісці толькі наперад і ні кроку назад”. 

Кацярына НАВУМІК,

выхаванка аб’яднання па інтарэсах “Юны рэпарцёр”

Ганцавіцкага раённага цэнтра дзіцячай і юнацкай творчасці.