Увага – навукова-метадычнай базе

13.05.2019
На базе Маларыцкай раённай гімназіі прайшоў абласны семінар, прысвечаны аптымальным і эфектыўным падыходам да выкарыстання навукова-метадычнай базы навучанню мове і маўленню. У мерапрыемстве ўдзельнічалі спецыялісты раённых (гарадскіх) аддзелаў па адукацыі, метадысты рэгіянальных ВМК, якія курыруюць выкладанне філалагічных прадметаў.

Перад удзельнікамі выступілі намеснік старшыні Маларыцкага райвыканкама Станіслаў Ляшчук, начальнік раённага аддзела па адукацыі Таццяна Лаўрэенка, начальнік вучэбна-метадычнага цэнтра дашкольнай і агульнай сярэдняй адукацыі Брэсцкага абласнога ІРА Алена Пітэнка, дырэктар Маларыцкай раённай гімназіі Алена Серада. Метадыст Маларыцкага раённага ВМК Тамара Коцелева расказала пра сістэму работы па метадычным суправаджэнні адукацыйнага працэсу па беларускай і рускай мове і літаратуры. Сёння беларускую мову і літаратуру на Маларытчыне выкладаюць 45 педагогаў (адзін настаўнік-метадыст, 12 маюць вышэйшую кваліфікацыйную катэгорыю), рускую мову і літаратуру – 45 педагогаў (17 маюць вышэйшую кваліфікацыйную катэгорыю). Для навукова-метадычнага забеспячэння дзейнасці педагогаў у раёне створана метадычная сетка, якая ўключае работу раённых метадычных аб’яднанняў і творчых груп, майстар-класы, творчыя і інтэлектуальныя спаборніцтвы.

Цікавымі напрацоўкамі падзяліліся настаўнікі Маларыцкай раённай гімназіі: Ірына Аксянюк правяла ўрок беларускай літаратуры ў 6 класе па апавяданні Янкі Маўра “Багіра”, Ірына Сезік – урок рускай мовы ў 10 класе па злітным, раздзельным і дэфісным напісанні службовых часцін маўлення, Мікалай Навумчык зладзіў майстар-клас “Метады і прыёмы развіцця творчых здольнасцей вучняў на ўроках беларускай мовы і літаратуры”. Увазе прысутных было прапанавана пазакласнае мерапрыемства “Азбука жыцця”, фрагмент творчай справаздачы ўдзельнікаў інавацыйнага праекта “Укараненне мадэлі творчай самарэалізацыі асобы ў адукацыйнай прасторы вольнага часу event-менеджменту мастацка-эстэтычнай накіраванасці ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі”.

Мікалай НАВУМЧЫК,

намеснік дырэктара па вучэбна-метадычнай рабоце Маларыцкай раённай гімназіі.