Змяняюць свет да лепшага

11.06.2018
Адна з цэнтральных вуліц горада над Бугам стала месцам правядзення чарговай абласной экалагічнай акцыі “За зялёную Брэстчыну”, арганізаванай Брэсцкім абласным цэнтрам турызму і краязнаўства дзяцей і моладзі пры падтрымцы галоўнага ўпраўлення адукацыі і камітэта прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя аблвыканкама.

- Акцыя ладзілася з мэтай фарміравання ў школьнікаў экалагічнай культуры і адказных адносін да стану і захавання навакольнага асяроддзя, далучэння моладзі да практычнай дзейнасці па ахове прыродных багаццяў, - паведаміла загадчыца аддзела экалагічнай работы Брэсцкага абласнога цэнтра турызму і краязнаўства дзяцей і моладзі Г.І.Уварава. – Удзельнікамі акцыі сталі лепшыя навучэнцы ўстаноў дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі эколага-біялагічнага профілю. Валанцёры-эколагі інфармавалі грамадскасць пра неабходнасць беражлівага стаўлення да расліннага і жывёльнага свету, праводзілі тлумачальную работу па пытаннях раздзельнага збору цвёрдых камунальных адходаў.

Акцыя ўключала дзейнасць валанцёрскага экалагічнага атрада, маніторынг экалагічнай дасведчанасці насельніцтва і рэкламна-прапагандысцкае мерапрыемства, накіраванае на прыцягненне ўвагі жыхароў Брэста да захавання прыродных багаццяў роднага краю. Падчас мерапрыемства праводзіліся майстар-класы “Новае жыццё старых рэчаў”, “Фом-фларыстыка” і “Кветкавая паляна”, працавалі экалагічныя пляцоўкі “Адходы на карысць”, “Мы адказваем за тых, каго прыручылі”, “У свеце адчуванняў”, “Зменім свет да лепшага”, “Таямніцы лесу”, “У аб’ектыве птушкі”, “Фітачай – здароўе ў кожным кубку”, “Асоба ахоўныя прыродныя тэрыторыі Брэстчыны” і “Птушыны калейдаскоп”, а таксама фотазона “Летні настрой”. Асаблівую цікавасць у наведвальнікаў выклікалі жыхары жывога кутка.

На пляцоўцы “Фітачай – здароўе ў кожным кубку” былі прадстаўлены калекцыі лекавых раслін і чаі з іх. Юныя эколагі расказвалі наведвальнікам пра карысць такіх раслін, прапаноўвалі прадэгуставаць фітачай і вызначыць лекавыя травы па паху.

У рабоце пляцоўкі “Адходы на карысць”, дзе працавалі кантэйнеры па зборы батарэек і пластыкавых крышачак, удзельнічалі прадстаўнікі Брэсцкага смеццеперапрацоўчага завода. Педагогі Брэсцкага абласнога цэнтра турызму і краязнаўства дзяцей і моладзі падвялі вынікі акцый “Батарэйкі, здавайцеся” і “Здаў крышачкі – зрабіў шмат добрых спраў”.

На пляцоўцы “Мы адказваем за тых, каго прыручылі” была арганізавана гульнявая праграма “Нашы дамашнія любімцы”, якая ўключала розныя гульні, віктарыны, загадкі і галаваломкі пра нашых меншых братоў. Наведвальнікі ахвотна фатаграфаваліся на памяць з пушыстымі сябрамі.

Пляцоўка “Таямніцы лесу” складалася з тэматычных прыпынкаў і конкурсу па вызначэнні драўнінна-хмызняковых парод і лясных знаходак.

У рамках акцыі працавалі тэматычныя выставы, арганізаваныя абласным краязнаўчым музеем і гарадской бібліятэкай імя А.С.Пушкіна.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.