Павышаем прафесіяналізм выхавальнікаў

28.05.2019
На пасяджэннях вучэбна-метадычнага аб’яднання выхавальнікаў старшых груп дашкольных устаноў Ляхавіцкага раёна, якое дзейнічае з 2004 года, паспяхова вырашаюцца задачы па далучэнні педагогаў да творчага пошуку найбольш эфектыўных метадаў, прыёмаў і форм работы, накіраваных на павышэнне якасці дашкольнай адукацыі, удасканаленні прафесійнай культуры выхавальнікаў і інш.

Пасяджэнні вучэбна-метадычнага аб’яднання на кожны навучальны год плануюцца з улікам запытаў і пажаданняў педагогаў, выяўленых праблем, прыярытэтных напрамкаў дзейнасці сістэмы дашкольнай адукацыі. У бягучым навучальным годзе ўдзельнікі аб’яднання павышалі прафесійную кампетэнтнасць у рабоце па фарміраванні ў выхаванцаў уяўленняў пра асновы бяспекі жыццядзейнасці ў гульнявой дзейнасці. На пасяджэннях вывучаўся вопыт педагогаў раёна па комплексным выкарыстанні розных відаў гульняў, накіраваных на фарміраванне ў дзяцей уяўленняў і навыкаў бяспечных паводзін, аналізаваліся гульнявыя метады выхавальнікаў і інш. Выкарыстанне розных форм работы з кадрамі пашырала прафесійнае ўзаемадзеянне, дапамагала шырокаму абмену інфармацыяй, сумеснаму вырашэнню праблем, наладжванню дзелавога супрацоўніцтва. Тэарэтычная інфармацыя суправаджалася праглядам мерапрыемстваў з дзецьмі, дыскусіямі, работай у падгрупах.

На базе ясляў-сада №4 Ляхавіч прайшоў практыкум, прысвечаны сучасным падыходам да фарміравання асноў бяспекі жыццядзейнасці старшых дашкольнікаў у гульнявой дзейнасці. Педагогі разгледзелі розныя віды гульняў, якія з’яўляюцца найбольш эфектыўнымі ў гэтай рабоце. На пляцоўцы па вывучэнні правіл дарожнага руху былі арганізаваны ўрокі бяспекі, якія ўключалі дыдактычныя і рухавыя гульні, гульні-драматызацыі.

У форме семінара-практыкуму на базе дзіцячага сада №2 Ляхавіч адбылося пасяджэнне аб’яднання па пашырэнні практычнага вопыту педагогаў у навучанні выхаванцаў бяспецы жыццядзейнасці ў гульнявой дзейнасці. Падчас мерапрыемства разглядаліся актуальныя тэмы, над якімі працуюць выхавальнікі, псіхалагічныя аспекты іх работы. Педагогі азнаёміліся з прадметным гульнявым асяроддзем у старшай групе па навучанні дзяцей правілам бяспекі. Увазе выхавальнікаў было прапанавана фізкультурнае свята “Здаровым і моцным вырастай – пра бяспеку не забывай!”, дзе з дапамогай рухавых гульняў і гульнявых практыкаванняў мадэляваліся розныя сітуацыі.

Пасяджэнне, праведзенае ў інтэрактыўнай форме на базе ясляў-сада №1 Ляхавіч, прысвячалася супрацоўніцтву педагогаў і бацькоў у навучанні дзяцей асновам бяспекі жыццядзейнасці ў гульнявой дзейнасці. Выхавальнікі абмеркавалі сучасныя формы ўзаемадзеяння з бацькамі па павышэнні іх псіхолага-педагагічнай кампетэнтнасці па забеспячэнні бяспекі жыццядзейнасці ва ўмовах сям’і. Для педагогаў было арганізавана імправізаванае сямейнае кафэ “Іграйка-пазнайка”, дзе разглядаліся найбольш цікавыя і эфектыўныя формы работы з бацькамі, правілы бяспекі па прадухіленні траўматызму, правілы паводзін з незнаёмымі людзьмі, на вадаёме і бяспечных зносін з жывёламі, правілы пажарнай бяспекі і інш. Педагогі гулялі, драматызавалі казкі і адгадвалі дзіцячыя літаратурныя творы, якія вучаць правілам бяспечных паводзін, адказвалі на пытанні выхаванцаў, слухалі лекцыю ветэрынара аб правільным абыходжанні з жывёламі. Асаблівую цікавасць выклікалі відэапрагляд сюжэтна-ролевай гульні “Ратавальнікі” і навучальны відэаролік “Ганарымся, што навучылі!”, зняты бацькамі. Такая форма правядзення пасяджэння павысіла актыўнасць, метадычнае майстэрства і прафесійную кампетэнтнасць педагогаў па ўзаемадзеянні з бацькамі, падштурхнула да самаадукацыі і творчага пошуку.

На працягу навучальнага года быў сабраны багаты тэарэтычны і практычны матэрыял па розных тэмах, які будзе ў далейшым выкарыстоўвацца ў рабоце з педагогамі.

Ірына ГУСАК,

кіраўнік раённага вучэбна-метадычнага аб’яднання выхавальнікаў старшых груп,

намеснік загадчыка па асноўнай дзейнасці ясляў-сада №1 Ляхавіч.