Юныя ІТ-асы

04.06.2019
На Брэстчыне падвялі вынікі V Абласнога конкурсу ў сферы інфармацыйных тэхналогій сярод школьнікаў і навучэнцаў устаноў прафесійнай адукацыі “ІТ-Мяжа”. Арганізатарамі спаборніцтва выступілі галоўнае ўпраўленне па адукацыі Брэсцкага аблвыканкама, Брэсцкі абласны ІРА і БрДУ імя А.С.Пушкіна пры падтрымцы мясцовых прадпрыемстваў-рэзідэнтаў Парка высокіх тэхналогій Беларусі.

- Конкурс, у фінальны этап якога выйшлі 11 работ, праводзіўся з мэтай прафарыентацыі моладзі на атрыманне спецыяльнасцей, запатрабаваных прадпрыемствамі ІТ-галіны, распаўсюджання інфармацыі пра дзейнасць кампаній-рэзідэнтаў Парка высокіх тэхналогій Беларусі, якія працуюць на Брэстчыне, і дзейнасць фізіка-матэматычнага факультэта БрДУ імя А.С.Пушкіна, дзе атрымліваюць адукацыю будучыя спецыялісты ІТ-сферы, - расказаў начальнік вучэбна-метадычнага цэнтра інфарматызацыі і рэсурснага забеспячэння адукацыі Брэсцкага абласнога ІРА А.У.Нарывончык. – Конкурс – добры сродак інфармацыйнай і навукова-метадычнай падтрымкі навучэнцаў, зацікаўленых у вывучэнні новых тэхналогій праграмавання, і ўдасканалення ведаў і ўменняў адораных дзяцей. Спаборніцтва развівае ўяўленні навучэнцаў пра новыя тэхналогіі праграмавання і матэматычнага мадэліравання, іх прымяненне ў вучэбнай, вытворчай і навуковай сферах дзейнасці.

Конкурсныя работы размяркоўваліся ў 4 намінацыях: “Праграмаванне і матэматычнае мадэліраванне”, “Вэб-праектаванне і дызайн”, “Распрацоўка дадаткаў для мабільных прылад” і “Выкарыстанне праграмнага забеспячэння і адміністраванне”. У першай намінацыі патрабавалася прэзентаваць праграмны прадукт (дадатак) лакальных камп’ютараў/сетак ці праграмуемых устройстваў на аснове мікракантролераў, выкананы з выкарыстаннем сродкаў і сістэм праграмавання і матэматычнага мадэліравання для розных платформ (дадатак павінен мець сістэмны, прыкладны ці інструментальны характар). У другой намінацыі неабходна было паказаць рэалізаваныя інтэрнэт-праекты і дадаткі, размешчаныя ў глабальнай сетцы і выкананыя сродкамі вэб-праектавання, -праграмавання і -дызайну. Трэцяя намінацыя ўяўляла сабой дэманстрацыю работ, праграмных праектаў, сеткавых рашэнняў і дадаткаў для мабільных прылад: спецыялізаваных камп’ютараў, тэрмінальных устройстваў, смартфонаў і планшэтаў. Чацвёртая намінацыя прадугледжвала паказ рашэнняў, атрыманых сродкамі камп’ютарнага мадэліравання, канструявання, аўтаматызаванага праектавання, камп’ютарнай графікі і анімацыі.

Па выніках конкурсу дыпломы І, ІІ, ІІІ ступені і каштоўныя падарункі атрымалі адзінаццацікласніца Настасся Дзенісюк з сярэдняй школы №7 г.Пінска (“Дапоўненая рэальнасць для падручніка “Геаметрыя. 10 клас”. Пабудова сячэнняў”), дзесяцікласнікі Андрэй Дубейка і Настасся Леанюк з сярэдняй школы №3 г.Пінска (“Мабільная сістэма падліку ачкоў у спартыўных гульнях”), адзінаццацікласнікі Аляксандра Гурская, Кірыл Карніцкі і Аляксандра Кастыка з сярэдняй школы №19 г.Баранавіч (“3D-гульня World of set”).

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.