Дзеля шчасця дзяцей

10.06.2019
На Брэстчыне падвялі вынікі абласнога конкурсу на лепшую прыёмную сям’ю і лепшы дзіцячы дом сямейнага тыпу “Сэрца аддаю дзецям”. Арганізатарамі спаборніцтва, у адборачным этапе якога прынялі ўдзел 15 прыёмных сем’яў і 13 ДДСТ, выступілі галоўнае ўпраўленне па адукацыі Брэсцкага аблвыканкама і Брэсцкі абласны ІРА.

- Конкурс праводзіўся з мэтай павышэння прэстыжу працы прыёмных бацькоў і бацькоў-выхавальнікаў дзіцячых дамоў сямейнага тыпу, папулярызацыі сямейнага ўладкавання дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без бацькоўскай апекі, стварэння ўмоў для прафесійнай і асобаснай самарэалізацыі прыёмных бацькоў, выяўлення лепшага вопыту сямейнага выхавання, - расказала начальнік вучэбна-метадычнага ўпраўлення сацыяльна-педагагічнай работы, аховы дзяцінства і спецадукацыі Брэсцкага абласнога ІРА Н.В.Фяцісава. – Фіналістамі конкурсу сталі прыёмныя сем’і Зданевіч з Маскоўскага раёна Брэста, Завацкіх з Пінска і Даміно з Бярозы, дзіцячыя дамы сямейнага тыпу Арэхва з Лунінца, Клімовіч з Іванава і Прычышыных з Кобрына. Удзельнікі спаборніцтва рыхтавалі візітоўкі сем’яў і ДДСТ, спаборнічалі ў конкурсе мастацкай творчасці і педагагічным рынгу, дзе шукалі выйсце з розных жыццёвых сітуацый. Кожная сям’я была непаўторнай і паказала творчы падыход да раскрыцця конкурснай тэмы, рознабаковыя дасягненні і захапленні.

У конкурсе перамаглі сям’я Зданевіч з Маскоўскага раёна Брэста і дзіцячы дом сямейнага тыпу Клімовіч з Іванава. Акрамя дыпломаў, пераможцы атрымалі каштоўныя падарункі ад спонсараў: ВРУП “Брэстаблгаз”, прадстаўніцтва “Белдзяржстраху” па Брэсцкай вобласці, Брэсцкага дабрачыннага мясцовага фонду “Новае пакаленне”, Брэсцкага абласнога аддзялення Беларускага дзіцячага фонду і інш.

- На Брэстчыне актыўна развіваецца інстытут прафесійнага сямейнага клопату. Сёння ў вобласці дзейнічаюць 50 дзіцячых дамоў сямейнага тыпу, дзе пражываюць 345 дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без бацькоўскай апекі. Акрамя таго, створаны 317 прыёмных сем’яў, дзе выхоўваюцца 479 дзяцей. Радуе, што на Брэстчыне шмат нераўнадушных людзей, гатовых дзяліцца дабрынёй і любоўю, - паведаміў начальнік галоўнага ўпраўлення па адукацыі Брэсцкага аблвыканкама Ю.М.Прасмыцкі.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.