Па індывідуальнай праграме

14.06.2019
Другі год у сярэдняй школе №7 Баранавіч рэалізоўваецца інавацыйны праект па ўкараненні мадэлі цьютарскага суправаджэння даследчай дзейнасці вучняў праз узаемадзеянне ўстаноў агульнай сярэдняй і вышэйшай адукацыі. Мэта праекта заключаецца ў стварэнні і арганізацыі дзейнасці цьютарскага клуба з ліку педагогаў, школьнікаў, выкладчыкаў і студэнтаў УВА, які адкрывае шырокі выбар адукацыйных траекторый на аснове самаадукацыі, індывідуальных праграм даследчай дзейнасці і цьютарскага суправаджэння.

Даследчая дзейнасць працяглая ў часе і даволі непрадказальная, таму складаная ў планаванні і карэкціроўцы. Асаблівыя цяжкасці гэта выклікае ў школьнікаў, у якіх яшчэ адсутнічаюць цэласнае ўяўленне пра навуковую дзейнасць і вопыт самастойных даследаванняў. Індывідуальная праграма даследчай дзейнасці – адзін са сродкаў цьютарскага суправаджэння вучняў.

Настаўнікі-прадметнікі В.А.Нікішова, А.У.Сямёнава, А.П.Тукай, Ю.В.Калянковіч, М.А.Казлоўская і М.У. Карнеева забяспечваюць педагагічнае суправаджэнне школьнікаў у даследчай дзейнасці. Сёння ёй займаюцца каля 20 вучняў 7 – 11 класаў, якія ўмеюць аналізаваць, рэфлексіраваць, планаваць і ацэньваць сваю работу. З гэтымі дзецьмі педагогі распрацоўваюць індывідуальныя праграмы даследчай дзейнасці, якія ствараюць сітуацыю поспеху, дапамагаюць вызначыць уласныя пазнавальныя інтарэсы і зразумець, дзе і якім чынам іх можна рэалізаваць.

Педагогі курыруюць групы школьнікаў з рознымі вучэбнымі інтарэсамі і патрэбамі. Так, у адну з груп уваходзяць дзевяцікласнікі: спартсменка-легкаатлетка Аляксандра Куневіч, Паліна Філанюк з ярка выяўленымі хіміка-біялагічнымі здольнасцямі і Карына Ждан з лінгвістычнымі здольнасцямі. Іх аб’ядноўваюць цікавасць да даследчай дзейнасці, жаданне пазнаваць і адкрываць новае ў пэўнай галіне ведаў. Ужо 2 гады дзяўчынкі працуюць над тэмай “Семантычнае вар’іраванне прыметнікаў смакаабазначэнняў у англійскай і рускай мовах”, якая зацікавіла ўсіх вучняў групы, нягледзячы на розныя жыццёвыя інтарэсы. Аляксандра падышла да тэмы з пункту гледжання здаровага харчавання, Карына – з пункту гледжання лінгвістыкі, а Паліну зацікавіў працэс афармлення даследчай работы, апрацоўкі вынікаў, стварэння дыяграм і прэзентацый. У выніку атрымалася цікавае даследаванне, адзначанае на гарадской навукова-практычнай канферэнцыі і прадстаўленае на міжнароднай канферэнцыі маладых навукоўцаў.

Большасць груп вучняў-цьютарантаў рознаўзроставыя. Так, дзесяцікласнік Аляксандр Азарка ўжо не першы год займаецца даследаваннямі, таму дапамагае ў гэтай дзейнасці васьмікласнікам. Іх работы адзначаны дыпломамі гарадской, абласной і міжнародных канферэнцый.

Дзейнасць педагогаў па суправаджэнні даследчай дзейнасці вучняў шматгранная. У першую чаргу яна прадугледжвае стварэнне адкрытай адукацыйнай прасторы для школьнікаў, якая дазваляе вырашыць іх праблемы, не абмяжоўваючы самастойнасць, а пашыраючы магчымасці і развіваючы творчыя здольнасці. Вучні-цьютаранты актыўна займаюцца самаадукацыяй, удзельнічаюць у адукацыйных мерапрыемствах школы, устаноў вышэйшай і дадатковай адукацыі дзяцей, моладзі і дарослых, прычым не толькі Баранавіч. Так, школьнікі паспяхова выступаюць на канферэнцыях, арганізаваных у БарДУ, БДУ і нават у расійскіх УВА.  Некаторыя юныя даследчыкі ўжо маюць публікацыі ў зборніках навуковых работ.

Падчас даследчай дзейнасці вучні праяўляюць ініцыятыўнасць і самастойнасць у пошуку новай інфармацыі, абмяркоўваюць пытанні пазнавальнага характару, набываюць веды, якія выходзяць за межы школьнай праграмы. Вучні-цьютаранты паспяхова ўдзельнічаюць ва ўсіх этапах рэспубліканскай прадметнай алімпіяды. Сярод лепшых – Ангеліна Саўчук (геаграфія), Раман Сяцько (грамадазнаўства), Кірыл Варфаламееў (англійская мова), Карына Ждан (беларуская мова).

Індывідуальныя праграмы даследчай дзейнасці прадугледжваюць сумесную работу педагогаў і вучняў па творчай самарэалізацыі. Настаўнікі і школьнікі актыўна ўдзельнічаюць у творчых конкурсах рэспубліканскай акцыі “Жыву ў Беларусі і тым ганаруся”, конкурсах творчых і даследчых работ Інстытута тэалогіі імя святых Мяфодзія і Кірыла БДУ, выставе-конкурсе “Крэатыўная навука” БарДУ.

У выніку сістэматычнай і мэтанакіраванай рэалізацыі індывідуальных праграм даследчай дзейнасці ў вучняў-цьютарантаў фарміруецца яе культура, захоўваецца высокі ўзровень матывацыі і эмацыянальных адносін да мэт, працэсу і вынікаў пазнання.

Марына КАРНЕЕВА,

настаўніца англійскай мовы сярэдняй школы №7 Баранавіч.