Сярэднія конкурсы выраслі, прахадныя балы – таксама

05.08.2019
Ва ўстановах вышэйшай адукацыі краіны падводзяцца і аналізуюцца вынікі сёлетняй уступнай кампаніі. Аб яе ходзе ў 4 універсітэтах Брэстчыны расказалі ў прыёмных камісіях.

У Брэсцкім дзяржаўным універсітэце імя А.С.Пушкіна набор абітурыентаў ажыццяўляўся на 10 факультэтаў па 29 спецыяльнасцях. Новых сярод іх сёлета не было.

Як паведаміў першы прарэктар БрДУ імя А.С.Пушкіна, намеснік старшыні прыёмнай камісіі Сяргей Мікалаевіч Севярын, на дзённую форму навучання за кошт бюджэту залічаны 411 абітурыентаў, на завочную – 85. Найбольшай папулярнасцю карысталіся спецыяльнасці “Псіхалогія” – 7 заяў на месца, “Сучасныя замежныя мовы (англійская, нямецкая)” са спецыялізацыяй “Камп’ютарная лінгвістыка” – 4,8, “Лагапедыя” – 4,2, “Біяэкалогія” – 3,7, “Практычная псіхалогія” – 3,6. Найменшыя конкурсы назіраліся на фізіка-матэматычным (1,3 заявы на месца) і геаграфічным (1,7) факультэтах.

Сярэдні конкурс на бюджэтную форму навучання – 2,2 заявы на месца. Прахадныя балы вагаліся ад 195 да 330 (летась ад 144 да 321). Ва ўніверсітэце задаволены якасным складам абітурыентаў. Так, каля 5% з іх – медалісты. Сярод абітурыентаў – прадстаўнікі ўсіх абласцей краіны.

Сёлета ў Брэсцкім дзяржаўным тэхнічным універсітэце на дзённую бюджэтную форму навучання былі залічаны 427 чалавек, на завочную бюджэтную – 50, на вячэрнюю скарочаную – 15.

- Выканаць план удалося дзякуючы не толькі актыўнай прафарыентацыйнай рабоце, якую ўніверсітэт праводзіць на працягу ўсяго навучальнага года ў школах і ПТНУ, але і факультэцкім конкурсам, - расказала адказны сакратар прыёмнай камісіі БрДТУ Наталля Сямёнаўна Віннік. – Конкурсы праходзілі на 5 факультэтах – будаўнічым, эканамічным, інжынерных сістэм і экалогіі, электронна-інфармацыйных сістэм і машынабудаўнічым. Падаючы туды дакументы, абітурыенты маглі пазначыць у заяве не адну, а нават усе спецыяльнасці ў парадку прыярытэту. Падобныя ўмовы, з аднаго боку, дазволілі ўніверсітэту адабраць лепшых, а з другога – далі ўчарашнім школьнікам больш магчымасцей паступіць ва УВА. Калі абітурыент не праходзіў на больш прэстыжную (на яго думку) спецыяльнасць, то мог прэтэндаваць на іншую – з меншым прахадным балам.

Сярэднія конкурсы на факультэтах БрДТУ стабільныя на працягу многіх гадоў. Конкурс на тую ці іншую спецыяльнасць вызначаўся планам набору, у выніку чаго абмежаваная колькасць бюджэтных месцаў спараджала вялікія конкурсы. Набор вёўся на 6 факультэтаў па 28 спецыяльнасцях (новых сёлета не было). Сярэдні конкурс – 2,8 (летась каля 2,4) заявы на месцы.

З году ў год у абітурыентаў БрДТУ не зніжаецца цікавасць да эканамічных спецыяльнасцей: “Лагістыка” – 9 заяў на месца, “Эканоміка электроннага бізнесу” – 5,7, “Электронны маркетынг” – 5. Карысталіся папулярнасцю спецыяльнасці факультэта электронна-інфармацыйных сістэм: “Праграмнае забеспячэнне інфармацыйных тэхналогій” – 5,8 заявы на месца. Не абышлі ўвагай учарашнія школьнікі і спецыяльнасць “Аўтасервіс” – 4,3 заявы на месца. Найменшыя конкурсы склаліся на спецыяльнасцях “Вытворчасць будаўнічых вырабаў і канструкцый” – каля 1 заявы на месца, “Водазабеспячэнне, водаадвядзенне і ахова водных рэсурсаў” – каля 1,1. Прахадныя балы вагаліся ад 210 да 349 (летась ад 146 да 338).

У Палескім дзяржаўным універсітэце, як расказала адказны сакратар прыёмнай камісіі Святлана Аляксандраўна Кляшчова, эканамічныя спецыяльнасці традыцыйна карыстаюцца добрым попытам, улічваючы былую прыналежнасць УВА да Нацыянальнага банка Беларусі. Самымі папулярнымі сярод учарашніх школьнікаў былі спецыяльнасці “Менеджмент у сферы міжнароднага турызму” – 3,9 заявы на месца, “Бізнес-адміністраванне” – 3,2, “Банкаўская справа” – 4,4. Сярод новых – “Эканоміка” са спецыялізацыяй “Аналітычная эканоміка” – 1,5 заявы на месца. Не абышлі ўвагай абітурыенты спецыяльнасці “Фізічная культура” – 3,4 заявы на месца, “Аздараўленчая фізічная культура” – 3,5. Сярэдні конкурс на бюджэтную форму навучання склаў 2,2 заявы на месца.

У ПалесДУ набор студэнтаў ажыццяўляўся на 4 факультэты (банкаўскі, эканамічны, біятэхналагічны і факультэт арганізацыі здаровага ладу жыцця) па 16 спецыяльнасцях. На дзённую бюджэтную форму навучання залічаны 340 чалавек, на завочную – 45. Прахадныя балы вагаліся ад 214 да 329 (летась ад 179 да 303).

Па словах С.А.Кляшчовай, якасны склад абітурыентаў ПалесДУ даволі высокі. Так, кожны пяты з іх – выпускнік гімназій і ліцэяў, а кожны дзясяты – медаліст. Сярэдні бал атэстата – 9,1. 33% абітурыентаў набралі 300 балаў, 56% - ад 251 да 300. Сярод студэнтаў шмат учарашніх школьнікаў з Гомельшчыны (14%), Гродзеншчыны (12%) і іншых рэгіёнаў краіны. 58% абітурыентаў – жыхары Брэстчыны.

На працягу многіх гадоў самай папулярнай спецыяльнасцю ў Баранавіцкім дзяржаўным універсітэце было “Правазнаўства”, але апошнім часам набор на яе за кошт бюджэту не ажыццяўляецца. Эканамічныя спецыяльнасці па-ранейшаму запатрабаваны ў абітурыентаў: “Маркетынг” – 7,8 заявы на месца, “Бухгалтарскі ўлік, аналіз і аўдыт” – 7,4, “Электронны маркетынг” – 3,2. Добрыя конкурсы склаліся на спецыяльнасцях “Тэхнічнае забеспячэнне працэсаў сельскагаспадарчай вытворчасці” – 2,4 заявы на месца, “Інфармацыйныя сістэмы і тэхналогіі” – 3,1, “Дашкольная адукацыя” – 3,9. Найменшыя конкурсы назіраліся на спецыяльнасцях “Аграномія” – 1 заява на месца, “Геаэкалогія” – 1,3, “Беларуская мова і літаратура. Замежная мова (англійская)” – 1,7. Не засталася незаўважанай новая спецыяльнасць “Спартыўна-педагагічная дзейнасць (менеджмент у спорце)” – 2,1 заявы на месца.

Прахадныя балы вагаліся ад 208 да 299 (летась ад 140 да 267). Сярэдні конкурс на бюджэтную форму навучання склаў 2,2 заявы на месца.

Адказны сакратар прыёмнай камісіі БарДУ Таццяна Леанідаўна Герасімовіч расказала, што набор ва ўніверсітэт вёўся на 4 факультэты (інжынерны, педагогікі і псіхалогіі, эканомікі і права, славянскіх і германскіх моў) па 21 спецыяльнасці. На дзённую бюджэтную форму навучання залічаны 339 чалавек, на завочную – 77. Абітурыенты прадстаўлялі ўсе вобласці краіны, а таксама Расію, Казахстан і Кыргызстан.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.