З клопатам пра здаровы зрок

29.06.2018
На Брэстчыне завяршыўся першы этап дабрачыннага праекта «Я бачу!», які рэалізоўваюць Беларускі дзіцячы фонд і кампанія Velcom пры падтрымцы Міністэрства аховы здароўя Беларусі і Брэсцкага аблвыканкама. За 3 месяцы брыгады ўрачоў-афтальмолагаў абследавалі больш за 5,8 тысячы вучняў з 66 сельскіх школ Маларыцкага, Камянецкага і Кобрынскага раёнаў. Розныя паталогіі зроку выяўлены ў 41% дзяцей, прычым у 63% з іх дыягназы пастаўлены ўпершыню. 665 вучняў мелі патрэбу ў акулярнай карэкцыі. У 60 выпадках дзеці былі накіраваны на дадатковыя абследаванні. 16 школьнікам спатрэбілася лячэнне: 10 – кансерватыўнае і 6 – хірургічнае.

- Праект вырашае важную сацыяльную праблему: забяспечвае сельскіх дзяцей кваліфікаванай афтальмалагічнай дапамогай, - адзначае першы намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення па адукацыі Брэсцкага аблвыканкама Аляксандр Жук. – Намаганнямі арганізатараў створаны мабільныя брыгады ўрачоў-афтальмолагаў, распрацаваны графік іх работы ў кожным раёне, забяспечаны неабходныя ўмовы для дзейнасці ў школах: абсталяваны спецыяльныя аўтамабілі, набыты партатыўныя дыягнастычныя прыборы і інш.

- На працягу 30 гадоў Беларускі дзіцячы фонд клапоціцца пра здароўе дзяцей, рэалізоўваючы маштабныя медыцынскія праекты, - расказвае намеснік дырэктара Беларускага дзіцячага фонда Ірына Чарнякова. – Праект “Я бачу!” штодзень пацвярджае сваю актуальнасць і важнасць: медыцынская дапамога прыходзіць да дзяцей туды, дзе яны жывуць і вучацца, а бацькі сустракаюцца з урачамі і атрымліваюць кансультацыі пра стан здароўя сваіх дзяцей. Акрамя таго, урачы даюць накіраванні на больш глыбокія абследаванні ва ўмовах стацыянара тым, хто ў гэтым мае патрэбу. На жаль, многія дзеці і іх бацькі даведваюцца пра парушэнні зроку толькі з прыездам мабільных брыгад. Таму чым раней будзе пачата лячэнне, тым большая верагоднасць недапушчэння складаных паталогій. Важна, што нават пасля таго як урачы пераязджаюць у іншы раён, усе дзеці, якія атрымалі накіраванні на лячэнне і аперацыі, застаюцца пад кантролем спецыялістаў.

- Амаль 3 гады мабільныя брыгады абследуюць дзяцей у сельскай мясцовасці і клапоцяцца пра іх здаровы зрок, - гаворыць начальнік аддзела карпаратыўных камунікацый кампаніі Velcom Мікалай Брэдзелеў. – Урачы робяць усё магчымае, каб як мага раней выявіць захворванні вачэй. Але трэба памятаць, што клопат пра здаровы зрок цалкам знаходзіцца ў нашых руках. Бацькі павінны забяспечваць дзецям правільнае харчаванне, якасны сон, здаровы і актыўны лад жыцця.

Праект “Я бачу!” ахоплівае Магілёўскую, Гомельскую і Брэсцкую вобласці. За час яго рэалізацыі дыягнастычную дапамогу атрымалі каля 31 тысячы дзяцей. Амаль у 33% з іх былі выяўлены розныя паталогіі зроку, з якіх больш за 54% дыягнаставаны ўпершыню, дзякуючы ўрачам-афтальмолагам мабільных брыгад.

З пачаткам новага навучальнага года мабільныя брыгады праекта “Я бачу!” накіруюцца ў школы Жабінкаўскага, Пружанскага, Бярозаўскага, Ганцавіцкага і Ляхавіцкага раёна. Плануецца, што да канца бягучага года дыягностыку ва ўрачоў-афтальмолагаў пройдуць каля 13 тысяч дзяцей Брэстчыны.

Падрыхтаваў Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.