Ацанілі фінансавыя веды

24.11.2019
На Брэстчыне вызначылі пераможцаў абласнога этапу V Рэспубліканскай алімпіяды па фінансавай дасведчанасці сярод школьнікаў. Арганізатарамі спаборніцтва, якое сабрала ў сценах Брэсцкага дзяржаўнага абласнога цэнтра маладзёжнай творчасці 59 старшакласнікаў, выступілі галоўнае ўпраўленне па адукацыі аблвыканкама і галоўнае ўпраўленне Нацыянальнага банка Беларусі па Брэсцкай вобласці.

- Алімпіяда па фінансавай дасведчанасці, пачынальнікам якой з’яўляецца Брэстчына, адыгрывае важную ролю ў папулярызацыі фінансавых ведаў сярод школьнікаў, павышэнні іх фінансавай культуры, развіцці інтэлектуальных і пазнавальных здольнасцей, умацаванні фінансавай дысцыпліны, набыцці практычных навыкаў у выкарыстанні фінансавых інструментаў пры планаванні бюджэту і назапашванняў, кантролі ўласных даходаў, расходаў і даўгоў, а таксама ў прафарыентацыі моладзі, - расказаў начальнік галоўнага ўпраўлення па адукацыі Брэсцкага аблвыканкама Ю.М.Прасмыцкі. – Галоўнае ўпраўленне Нацыянальнага банка Беларусі па Брэсцкай вобласці разам з іншымі банкамі і галоўным упраўленнем па адукацыі аблвыканкама праводзяць вялікую работу па павышэнні фінансавай дасведчанасці школьнікаў. Так, у рамках профільных факультатыўных заняткаў ва ўстановах адукацыі вобласці праводзяцца шматлікія адукацыйныя мерапрыемствы. Асобнае месца сярод іх займае алімпіяда па фінансавай дасведчанасці, у 4-х заключных этапах якой прадстаўнікі Брэстчыны занялі два першыя, адно другое і два трэція месцы.

У першым этапе сёлетняй алімпіяды прынялі ўдзел каля 3,3 тысячы вучняў з 389 устаноў адукацыі. У другім этапе – 723 старшакласнікі. Пра якасць фінансавых і эканамічных ведаў школьнікаў красамоўна сведчаць высокія балы, атрыманыя пры рашэнні тэставых заданняў.

Удзельнікі абласнога этапу алімпіяды на працягу гадзіны адказвалі на 31 тэставае пытанне, якое тычылася сямейнага (уласнага) бюджэту, наяўных грошай, зберажэнняў, дэпазітаў, запазычанняў, лічбавага банкінгу, дзейнасці Нацыянальнага банка Беларусі і дзяржаўнай манетарнай палітыкі, страхавання, падаткаў і збораў, інвестыцый і каштоўных папер, фінансавай матэматыкі.

Дыпломы І, ІІ, ІІІ ступені атрымалі дзесяцікласніца Паліна Грыневіч з гімназіі Лунінца, адзінаццацікласніца Паліна Кандрацюк з гімназіі №2 Брэста і адзінаццацікласніца Наталля Конюх з сярэдняй школы №7 Кобрына.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.