Каштоўнасць віртуальнага метадычнага кабінета

26.11.2019
Сучасныя ўстановы адукацыі павінны хутка і лёгка адаптавацца да змен у адукацыйным асяроддзі. Важную ролю ў гэтым адыгрывае якаснае і своечасовае інфармаванне педагогаў. Аператыўна данесці неабходную інфармацыю ў поўным аб’ёме дазваляе віртуальны метадычны кабінет (https://metodstruga.blogspot.com), які з’яўляецца важным інфармацыйным рэсурсам школы, ахоплівае ўсе напрамкі яе работы і ўлічвае асаблівасці ўстановы адукацыі. Любыя ўзніклыя цяжкасці можна адлюстраваць у пэўным раздзеле, даступным усім педагогам у зручны для іх час.

У нашым ВМК асабліва вылучаецца раздзел “Прафесійныя педагагічныя мерапрыемствы”, дзе рэгулярна абнаўляецца інфармацыя пра ўдзел настаўнікаў ва ўсіх напрамках педагагічнай дзейнасці. Інфармацыя, змешчаная ў табліцы, дазваляе прэміраваць найбольш ініцыятыўных работнікаў па выніках навучальнага года і матываваць калег да больш прадуктыўнай працы. Акрамя таго, на галоўнай старонцы ВМК зручна размяшчаць важныя аб’явы ці віншаванні з прафесійнымі дасягненнямі.

Віртуальны метадычны кабінет мае пастаянныя і часовыя раздзелы, якія выдаляюцца, калі страчваюць актуальнасць. Сярод пастаянных раздзелаў – “Метадычны савет і метадычныя фарміраванні”, “Тэматычныя педсаветы”, “Педагагічны вопыт”, “У дапамогу педагогу”, “Дакументы”, “Інтэграванае навучанне” і “Пераемнасць”. Актуальная інфармацыя ўключае новыя дакументы, кароткія рэкамендацыі па выніках тэматычных педсаветаў, звесткі па падрыхтоўцы вучняў да алімпіяд і цэнтралізаванага тэсціравання і інш.

На галоўнай старонцы ВМК размешчаны каляндар мерапрыемстваў на месяц, які дазваляе педкалектыву загадзя падрыхтавацца да ўдзелу ў іх.

Віртуальны метадычны кабінет створаны з дапамогай вэб-сэрвісу Blogger. Ён просты ў выкарыстанні і адкрывае шырокія магчымасці для размяшчэння неабходнай інфармацыі. Матэрыялы захоўваюцца ў воблачным сэрвісе на Yandex-дыску, які аддалена рэдагуюць некалькі карыстальнікаў.

Эфектыўнасць школьнага ВМК пацвярджаецца тым, што педагогі самі прапаноўваюць стварыць пэўныя раздзелы, размясціць неабходную інфармацыю, распаўсюдзіць розныя матэрыялы з вопыту работы. ВМК значна скарачае час на арганізацыйныя моманты.

Віртуальны метадычны кабінет забяспечвае аптымальны доступ да неабходнай інфармацыі ў любы час, дазваляе атрымаць узоры патрэбных дакументаў, аказаць аператыўную дапамогу настаўнікам, падзяліцца цікавым вопытам работы.

Святлана ЛЯШКЕВІЧ,

намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Стружскай сярэдняй школы Столінскага раёна.