“Сузор’е” творчых педагогаў

03.12.2019
На Брэстчыне створаны абласны клуб творчых педагогаў “Сузор’е”, заснавальнікамі якога выступілі галоўнае ўпраўленне па адукацыі аблвыканкама і абласны ІРА.

- Клуб ствараўся з мэтай развіцця ініцыятыў творчых педагогаў, павышэння прэстыжу настаўніцкай прафесіі, распаўсюджвання лепшага педагагічнага вопыту і наладжвання прафесійных зносін, - расказаў начальнік вучэбна-метадычнага аддзела падтрымкі і развіцця эфектыўнай адукацыйнай практыкі Брэсцкага абласнога ІРА Андрэй Карпук. – На гэта будуць накіраваны мерапрыемствы па абмене і распаўсюджванні напрацовак па рэалізацыі цікавых адукацыйных праграм і праектаў: канферэнцыі, форумы, семінары, творчыя майстэрні, майстар-класы, фестывалі і інш. Да іх будуць далучацца студэнты педагагічных спецыяльнасцей УВА. Плануецца наладзіць цеснае супрацоўніцтва з універсітэцкімі выкладчыкамі, кансультацыі і метадычнае суправаджэнне настаўнікаў-удзельнікаў Рэспубліканскага конкурсу прафесійнага майстэрства “Настаўнік года” і педагогаў з ліку прэтэндэнтаў на атрыманне кваліфікацыйнай катэгорыі “настаўнік-метадыст”.

Нядаўна ў Брэсцкім абласным ІРА адбылося пашыранае пасяджэнне клуба, у якім удзельнічалі 46 педагогаў вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі і катэгорыі “настаўнік-метадыст” з усіх рэгіёнаў вобласці. Педагогі абмеркавалі дзейнасць клуба, абралі яго савет, куды ўвайшлі настаўнікі-метадысты Сяргей Абярган з сярэдняй школы №1 Ляхавіч, Наталля Грыцук з Жамчужненскай сярэдняй школы Баранавіцкага раёна, Ала Лазіцкая з сярэдняй школы №2 Століна, Мікалай Навумчык з Маларыцкай раённай гімназіі, Ірына Пабожная са Стрыгаўскай сярэдняй школы Бярозаўскага раёна, Алена Пратасевіч з сярэдняй школы №1 Драгічына і загадчыца вучэбна-метадычнага кабінета Пінска Ірына Нікіпорчык.

Удзельнікі клуба падтрымалі ідэю правядзення і актыўнага ўдзелу ў штогадовым абласным фестывалі педагагічных ідэй “Берасцейскія сустрэчы”, мэта якога заключаецца ў выяўленні, вывучэнні і распаўсюджванні эфектыўнага рэгіянальнага вопыту ў адукацыі, павышэнні прафесійнай кампетэнтнасці педагогаў, падтрымцы творчых педагогаў і педагагічных ініцыятыў. Фестываль будзе праходзіць у розных рэгіёнах вобласці. Плануецца, што першы фестываль пройдзе ў студзені 2020 года на базе ўстаноў адукацыі Пiнска.

Старшынёй клуба выбрана Алена Пратасевіч, намеснікам – Ірына Нікіпорчык. У клуба ёсць эмблема, ствараецца сайт.

Мікалай НАВУМЧЫК,

намеснік дырэктара па вучэбна-метадычнай рабоце Маларыцкай раённай гімназіі.