У лідарах – псіхалогія, лагістыка і эканоміка

03.08.2018
Ва ўстановах вышэйшай адукацыі краіны падводзяцца і аналізуюцца вынікі сёлетняй уступнай кампаніі. Аб яе ходзе ў 4 універсітэтах Брэстчыны расказалі ў прыёмных камісіях.

У Брэсцкім дзяржаўным універсітэце імя А.С.Пушкіна набор абітурыентаў ажыццяўляўся на 10 факультэтаў па 29 спецыяльнасцях. Новых сярод іх сёлета не было.

Як паведаміў адказны сакратар прыёмнай камісіі БрДУ імя А.С.Пушкіна Дзмітрый Уладзіміравіч Грыцук, на дзённую форму навучання за кошт бюджэту залічаны 411 абітурыентаў, на завочную – 75. Найбольшай папулярнасцю карысталіся спецыяльнасці “Псіхалогія” – 5,8 заявы на месца, “Турызм і гасціннасць” – 4,8, “Сучасныя замежныя мовы (англійская, нямецкая)” – 3,8 і “Фізічная культура” – 3,5. Конкурс на фізіка-матэматычныя спецыяльнасці склаў каля 1,1 заявы на месца. Невысокі конкурс назіраўся і на спецыяльнасць “Беларуская філалогія” – каля 1,3 заявы на месца.

Сярэдні конкурс на бюджэтную форму навучання – амаль 2 заявы на месца. Прахадныя балы вагаліся ад 144 да 321. 6% абітурыентаў з’яўляліся медалістамі.

Сёлета ў Брэсцкім дзяржаўным тэхнічным універсітэце на дзённую бюджэтную форму навучання былі залічаны 424 чалавекі, на завочную бюджэтную – 63, на вячэрнюю скарочаную – 15.

- Выканаць план удалося дзякуючы не толькі актыўнай прафарыентацыйнай рабоце, якую ўніверсітэт праводзіць на працягу ўсяго навучальнага года ў школах і ПТНУ, але і факультэцкім конкурсам, - расказаў адказны сакратар прыёмнай камісіі БрДТУ Алег Паўлавіч Мешык. – Конкурсы праходзілі на 5 факультэтах – будаўнічым, эканамічным, інжынерных сістэм і экалогіі, электронна-інфармацыйных сістэм і машынабудаўнічым. Падаючы туды дакументы, абітурыенты маглі пазначыць у заяве не адну, а нават усе спецыяльнасці ў парадку прыярытэту. Падобныя ўмовы, з аднаго боку, дазволілі ўніверсітэту адабраць лепшых, а з другога – далі ўчарашнім школьнікам больш магчымасцей паступіць ва УВА. Калі абітурыент не праходзіў на больш прэстыжную (на яго думку) спецыяльнасць, то мог прэтэндаваць на іншую – з меншым прахадным балам.

Сярэднія конкурсы на факультэтах БрДТУ стабільныя на працягу многіх гадоў. Конкурс на тую ці іншую спецыяльнасць вызначаўся планам набору, у выніку чаго абмежаваная колькасць бюджэтных месцаў спараджала вялікія конкурсы. Набор вёўся на 6 факультэтаў па 28 спецыяльнасцях. Сярэдні конкурс – каля 2,4 заявы на месца.

З году ў год у абітурыентаў БрДТУ не зніжаецца цікавасць да эканамічных спецыяльнасцей: “Лагістыка” – 8,5 заявы на месца, “Маркетынг” – каля 3,7. Карысталіся папулярнасцю спецыяльнасці факультэта электронна-інфармацыйных сістэм: “Праграмнае забеспячэнне інфармацыйных тэхналогій” – каля 3,3 заявы на месца. Не абышлі ўвагай учарашнія школьнікі і спецыяльнасць “Меліярацыя і водная гаспадарка” – 4 заявы на месца. Цікавасць выклікалі і новыя спецыяльнасці: “Эканоміка электроннага бізнесу” – каля 5,3 заявы на месца, “Электронны маркетынг” – каля 4,3 і “Архітэктурны дызайн” – 2,5. Прахадныя балы вагаліся ад 146 да 338.

У Палескім дзяржаўным універсітэце, як расказала адказны сакратар прыёмнай камісіі Святлана Аляксандраўна Кляшчова, эканамічныя спецыяльнасці традыцыйна карыстаюцца добрым попытам, улічваючы былую прыналежнасць УВА да Нацыянальнага банка Беларусі. Самымі папулярнымі сярод учарашніх школьнікаў былі спецыяльнасці “Эканоміка і прамысловае рыбаводства” – 3,6 заявы на месца, “Аздараўленчая фізічная культура” – 3,5 і “Інфармацыйныя тэхналогіі і фінансава-крэдытныя сістэмы” – 3,1.

Сярэдні конкурс на бюджэтную форму навучання склаў 2,2 заявы на месца. Сёлета ўніверсітэт прапанаваў абітурыентам 4 новыя спецыяльнасці, якія не засталіся незаўважанымі: “Менеджмент у сферы міжнароднага турызму” – 3,6 заявы на месца, “Лінгвістычнае забеспячэнне міжкультурных камунікацый” – 3,5, “Фінансавая і банкаўская эканоміка” – 2,5 і “Бізнес-адміністраванне” – 2,4.

У ПалесДУ набор студэнтаў ажыццяўляўся на 4 факультэты (банкаўскі, эканамічны, біятэхналагічны і факультэт арганізацыі здаровага ладу жыцця) па 16 спецыяльнасцях. На дзённую бюджэтную форму навучання залічаны 340 чалавек, на завочную – 45. Прахадныя балы вагаліся ад 179 да 303.

Па словах С.А.Кляшчовай, якасны склад абітурыентаў ПалесДУ даволі высокі. Так, кожны чацвёрты з іх – выпускнік гімназій і ліцэяў, а кожны пяты – медаліст. Сярод абітурыентаў універсітэта шмат учарашніх школьнікаў з Міншчыны, Гомельшчыны, Гродзеншчыны і іншых рэгіёнаў краіны.

На працягу многіх гадоў самай папулярнай спецыяльнасцю ў Баранавіцкім дзяржаўным універсітэце было “Правазнаўства”, але апошнім часам набор на яе за кошт бюджэту не ажыццяўляецца. Эканамічныя спецыяльнасці па-ранейшаму запатрабаваны ў абітурыентаў: “Бухгалтарскі ўлік, аналіз і аўдыт” – 10,6 заявы на месца. Добрыя конкурсы склаліся на спецыяльнасцях “Тэхнічнае забеспячэнне працэсаў сельскагаспадарчай вытворчасці” – 4,6 заявы на месца, “Інфармацыйныя сістэмы і тэхналогіі” і “Тэхналогія машынабудавання” (завочная скарочаная форма навучання) – 3,6. Найменшыя конкурсы назіраліся на спецыяльнасцях “Аграномія” – 1 заява на месца і “Тэхналогія машынабудавання” (дзённая форма навучання) – каля 1,1. Новых спецыяльнасцей сёлета не было.

Прахадныя балы вагаліся ад 140 да 267. Сярэдні конкурс на бюджэтную форму навучання склаў 2,2 заявы на месца.

Адказны сакратар прыёмнай камісіі БарДУ Дзмітрый Сяргеевіч Томчык расказаў, што набор ва ўніверсітэт вёўся на 4 факультэты (інжынерны, педагогікі і псіхалогіі, эканомікі і права, славянскіх і германскіх моў) па 21 спецыяльнасці. На дзённую бюджэтную форму навучання залічаны 324 чалавекі, на завочную – 77. Абітурыенты прадставілі ўсе вобласці краіны.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.