У агульных інтарэсах

18.12.2019
Чацвёрты раз гасцінная Брэстчына сустракала ўдзельнікаў прэс-туру, арганізаванага РВУ “Выдавецкі дом “Педагагічная прэса” і галоўным упраўленнем па адукацыі Брэсцкага аблвыканкама ў рамках праекта “Творчае супрацоўніцтва і ўзаемадапамога ў сферы адукацыйных і інфармацыйных тэхналогій”. Падчас першых дзвюх паездак журналісты пабывалі ва ўстановах дашкольнай, агульнай сярэдняй і дадатковай адукацыі Брэста, Камянеччыны, Кобрыншчыны, Століншчыны, Піншчыны і Лунінеччыны. Чарговы прэс-тур стаў другім па ліку ў бягучым годзе. Сёлета супрацоўнікі “Настаўніцкай газеты” азнаёміліся з дзейнасцю ўстаноў прафесійнай адукацыі Брэста, Кобрына, Драгічына, Івацэвіч, Баранавіч, Пінска і Століна. Паўсюль журналістаў чакала шмат новага і вартага ўвагі. Ва ўстановах адукацыі Брэстчыны ёсць на што паглядзець і чаму павучыцца. Тут заўсёды шмат цікавых тэм для новых публікацый.

Прэс-тур пачаўся з урачыстай цырымоніі падпісання абноўленага Пагаднення аб супрацоўніцтве паміж РВУ “Выдавецкі дом “Педагагічная прэса” і галоўным упраўленнем па адукацыі Брэсцкага аблвыканкама. Мерапрыемства праходзіла ў Брэсцкім дзяржаўным каледжы сувязі з удзелам кіраўнікоў устаноў прафесійнай адукацыі горада над Бугам.

- Сёння РВУ “Выдавецкі дом “Педагагічная прэса” аб’ядноўвае 6 друкаваных (“Настаўніцкая газета”, часопісы “Народная асвета” і “Спорт-Time”, газеты “Пераходны ўзрост”, “Домой” і “Раніца”) і адно сеткавае (ng-press.by) выданні, - расказаў дырэктар РВУ “Выдавецкі дом “Педагагічная прэса” – галоўны рэдактар “Настаўніцкай газеты” В.А.Кнышаў. – З мэтай узмацнення ролі педагагічных СМІ ў грамадстве, удасканалення іх дзейнасці, павышэння эфектыўнасці ўзаемадзеяння з органамі кіравання адукацыяй і педкалектывамі ўстаноў адукацыі ўжо 7 гадоў паспяхова рэалізоўваецца праект “Творчае супрацоўніцтва і ўзаемадапамога ў сферы адукацыйных і інфармацыйных тэхналогій”, які прадугледжвае работу карэспандэнцкіх пунктаў у абласных цэнтрах, правядзенне прэс-тураў, выязных рэкламна-інфармацыйных акцый у рэгіёнах і інш. З цягам часу праект трансфармаваўся ў доўгатэрміновую праграму творчага супрацоўніцтва, якое няспынна развіваецца, пашыраецца і ўдасканальваецца. Сёння педагогі не толькі чытачы “Настаўніцкай”, але і яе актыўныя аўтары.  

- Мы вельмі зацікаўлены ў інфармацыйных рэсурсах і інфармацыйным узаемадзеянні з педагагічнымі СМІ, - адзначыў начальнік галоўнага ўпраўлення па адукацыі Брэсцкага аблвыканкама Ю.М.Прасмыцкі. – За час рэалізацыі праекта на старонках “Настаўніцкай газеты” істотна павялічылася колькасць матэрыялаў, прысвечаных сістэме адукацыі Брэстчыны, якая развіваецца дынамічна і вынікова. Толькі сёлета ў профільным выданні апублікавана каля 400 інфармацыйных нататак і артыкулаў з вопыту работы педагогаў, многія з якіх з’яўляюцца актыўнымі пазаштатнымі аўтарамі. І гэта без уліку матэрыялаў, падрыхтаваных журналістамі “Настаўніцкай газеты”. Адукацыйная галіна Брэстчыны годна прадстаўлена на яе старонках, у тым ліку дзякуючы дзейнасці карэспандэнцкага пункта ў Брэсцкай вобласці, які працуе з 2005 года. І гэта не толькі радуе, але і многаму абавязвае.

Прэс-тур – выдатная форма ўзаемадзеяння галіновага выдання з чытачамі, якая дазваляе наладзіць зваротную сувязь, пашырыць кантакты, геаграфію і тэматыку публікацый, пазнаёміцца з будучымі пазаштатнымі аўтарамі і журналістамі. У асобе “Настаўніцкай газеты” мы бачым надзейнага сябра і дарадчыка. А журналісты, упэўнены, бачаць у педагогах Брэстчыны не толькі ўважлівых і ўдзячных чытачоў, але і актыўных аўтараў. Спадзяюся, што падпісанне Пагаднення актывізуе далейшае плённае супрацоўніцтва ў агульных інтарэсах, бо любыя зносіны патрабуюць перыядычнай рэвізіі і абнаўлення. Мы гатовы ўзяць на сябе пэўныя абавязацельствы па паляпшэнні дзейнасці карпункта ў Брэсцкай вобласці.

- Сёлетнія прэс-туры прысвячаліся сістэме прафесійнай адукацыі, якая адыгрывае важную ролю ў эканамічным развіцці краіны, - расказала начальнік аддзела агульнай сярэдняй і прафесійнай адукацыі галоўнага ўпраўлення па адукацыі Брэсцкага аблвыканкама В.А.Шапавал. – Сёння на Брэстчыне функцыянуе 31 установа прафесійнай адукацыі. Іх дзейнасць будуецца з улікам запытаў рынку працы і навучэнцаў. Структура і аб’ём падрыхтоўкі кадраў пастаянна ўдасканальваюцца, адкрываюцца перспектыўныя і запатрабаваныя спецыяльнасці і кваліфікацыі. У бягучым навучальным годзе ў ПТНУ і ССНУ вобласці праходзяць падрыхтоўку больш за 16 тысяч юнакоў і дзяўчат па 94 кваліфікацыях і 34 спецыяльнасцях. Наладжана цеснае ўзаемадзеянне з заказчыкамі кадраў. Усе выпускнікі атрымліваюць накіраванні на работу.

З мэтай падрыхтоўкі канкурэнтаздольных выпускнікоў ва ўстановах прафесійнай адукацыі рэалізоўваюцца эксперыментальныя і інавацыйныя праекты. На базе 7 устаноў дзейнічаюць рэсурсныя цэнтры па 8 профілях вытворчага навучання.

У адукацыйным працэсе задзейнічана больш за 1,7 тысячы педагогаў. Іх прафесійны ўзровень дазваляе паспяхова вырашаць многія прафесійныя задачы, пра што сведчаць перамогі навучэнцаў у конкурсах прафесійнага майстэрства. У розныя гады на рэспубліканскую Дошку гонару заносіліся Брэсцкі дзяржаўны каледж сувязі, Брэсцкі дзяржаўны каледж сферы абслугоўвання і Брэсцкі дзяржаўны гандлёва-тэхналагічны каледж, а на абласную Дошку гонару – Кобрынскі дзяржаўны прафесійны ліцэй сферы абслугоўвання.

Сярод перспектыўных напрамкаў – паляпшэнне матэрыяльна-тэхнічнай базы ПТНУ і ССНУ, стварэнне рэсурсных цэнтраў, далейшая інтэграцыя прафесійнай адукацыі з прафесійнай падрыхтоўкай школьнікаў, павышэнне ўзаемадзеяння сістэмы прафесійнай адукацыі з галінамі эканомікі і сацыяльнай сферы, у тым ліку праз аптымізацыю сеткі УПА, структуры і тэрмінаў падрыхтоўкі кадраў з улікам перспектыў сацыяльна-эканамічнага развіцця рэгіёнаў, паляпшэнне прафесіяналізму педагогаў і кіраўнікоў.

Падчас імправізаванай прэс-канферэнцыі В.А.Кнышаў і Ю.М.Прасмыцкі адказалі на шматлікія пытанні педагогаў. Так, Вадзім Аляксандравіч прызнаўся, што вельмі цэніць у журналістах уменні слухаць, унікаць, бачыць, уразіцца і прафесійна расказаць пра ўбачанае і пачутае, падзяліцца эмоцыямі. Юрыю Мікалаевічу падабаюцца творчыя, сумленныя і неабыякавыя журналісты, сапраўдныя прафесіяналы сваёй справы, бо на іх ляжыць высокая сацыяльная адказнасць.

- Галоўнае ў публікацыях пра сістэму адукацыі – прафесійны погляд з боку для паказу і праблем, і дасягненняў. Мы вельмі цэнім “Настаўніцкую газету” як пляцоўку для гэтага, - заўважыў Ю.М.Прасмыцкі, які аддае перавагу аўтарскім матэрыялам педагогаў, што раскрываюць не толькі іх прафесійныя, але і асабістыя якасці.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.