Пляцоўка для прафесійнага ўзаемадзеяння

17.01.2020
Больш за 300 педагогаў з’ехаліся ў Пінск для ўдзелу ў І Абласным фестывалі педагагічных ідэй “Берасцейскія сустрэчы”, арганізаваным галоўным упраўленнем па адукацыі Брэсцкага аблвыканкама і Брэсцкім абласным ІРА.

- Фестываль – гэта новая пляцоўка для прафесійнага ўзаемадзеяння творчых педагогаў, паказу іх эфектыўнага вопыту, знаёмства з сучаснымі падыходамі ў адукацыйным працэсе, метадамі і формамі навучання і выхавання дзяцей, - расказаў начальнік вучэбна-метадычнага аддзела падтрымкі і развіцця эфектыўнай адукацыйнай практыкі Брэсцкага абласнога ІРА А.Л.Карпук. – Мерапрыемства, якое будзе праходзіць штогод у розных рэгіёнах вобласці, праводзіцца з мэтай выяўлення і распаўсюджвання цікавых напрацовак, арганізацыі прафесійнага навучання педагогаў з выкарыстаннем актыўных форм работы, павышэння ўзроўню прафесійнай кампетэнтнасці настаўнікаў і выхавальнікаў, падтрымкі творчых педагогаў і ініцыятыў. 

- На Брэстчыне шмат таленавітых педагогаў, вопыт якіх варты пераймання, - адзначыў начальнік галоўнага ўпраўлення па адукацыі Брэсцкага аблвыканкама Ю.М.Прасмыцкі. – Фестываль – выдатная магчымасць сустрэцца аднадумцам, каб у сяброўскай атмасферы абмеркаваць актуальныя пытанні развіцця адукацыі па розных напрамках, падзяліцца вопытам і наладзіць прафесійныя кантакты дзеля агульнай карысці.

На адзін дзень сярэдняя школа № 10 Пінска ператварылася ў творчую майстэрню для педагогаў, якія маглі наведаць каля 50 майстар-класаў амаль па ўсіх прадметах у форме адкрытых урокаў, трэнінгаў, семінараў, практыкумаў і прэзентацый, арганізаваных членамі абласнога клуба творчых педагогаў “Сузор’е”. Акрамя педагогаў Брэстчыны, у фестывалі ўдзельнічалі іх калегі з Гродзеншчыны, Гомельшчыны і Міншчыны.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.