Вучыць ззяць – гэта весела!

14.08.2018
Пазакласныя мерапрыемствы валодаюць вялікім выхаваўчым і адукацыйным патэнцыялам. У Раснянскай сярэдняй школе Камянецкага раёна склаліся пэўныя выхаваўчыя традыцыі, народжаныя шматгадовым вопытам работы. У падрыхтоўцы традыцыйных агульнашкольных свят удзельнічаюць усе настаўнікі.

Вялікая ўвага ўдзяляецца праваслаўнаму выхаванню. Самыя значныя праваслаўныя святы (Каляды і Вялікдзень) адзначаюцца вельмі маштабна. Так, у студзені вучні і настаўнікі збіраюцца ў актавай зале, как паглядзець калядны канцэрт, падрыхтаваны ўдзельнікамі гуртка “Асновы праваслаўнай культуры” пад кіраўніцтвам А.І.Данілюк. Да Вялікадня гурткоўцы рыхтуюць святочныя песні, інсцэніроўкі і вершы, якія прымушаюць гледачоў задумацца пра галоўныя чалавечыя каштоўнасці, адчуць адказнасць за ўласны лёс і лёс тых, хто знаходзіцца побач.

Арыгінальным зместам вылучаецца майскі паказ мод “Мінулае і сучаснасць”, які арганізоўвае кіраўнік гуртка “Школа моды” С.А.Літвін. Падчас мерапрыемства юныя швачкі дэманструюць сукенкі і спадніцы, пашытыя сваімі рукамі. Акрамя таго, гледачы знаёміцца з інфармацыяй пра гісторыю моды і ролю адзення ў жыцці нашых продкаў, далучаючыся тым самым да беларускіх народных традыцый.

5 гадоў назад дырэктар школы М.В.Маляўка і яе намеснік па вучэбнай рабоце І.М.Рудзько заклалі яшчэ адну традыцыю – віншаваць самых старанных і таленавітых вучняў у форме цікавага творчага мерапрыемства “Зорны алімп”, якое заўсёды выклікае шмат станоўчых эмоцый у дзяцей і педагогаў. Кожны навучальны год заканчваецца ўрачыстымі педагагічнымі дажынкамі, што дазваляюць настаўнікам убачыць плён сваёй працы, а іх выхаванцам – зразумець важнасць сур’ёзнага стаўлення да вучобы.

Штогод “Зорны алімп” ззяе талентамі. Вучні і настаўнікі прымаюць ад адміністрацыі школы віншаванні з нагоды перамог у алімпіядах, навукова-практычных канферэнцыях і творчых конкурсах. Кожны школьнік у гэты дзень адчувае, што можа стаць зоркай і што ў яго ёсць для гэтага неабходны патэнцыял. Заслужаныя ўзнагароды даюць стымул працаваць далей.

Усе традыцыі нашай школы будуюцца на галоўным прынцыпе: кожны вучань – гэта зорка, а настаўнікам трэба навучыць яе ззяць. Задача гэтая і цяжкая, і цікавая адначасова. Але школьнае жыццё сумным не бывае. Вучыцца ззяць – вельмі весела!

Алена МУЛЯРЧЫК,

настаўніца рускай мовы і літаратуры Раснянскай сярэдняй школы Камянецкага раёна.