Міні-EdCаmp у Брэсце

24.02.2020
Настаўнікі Маскоўскага раёна Брэста далучыліся да EdCаmp-руху, прыняўшы ўдзел у ІІІ не-канферэнцыі (міні-EdCаmp), арганізаванай у сярэдняй школе № 3 горада. Удзельнікі мерапрыемстваў падобнага фармату самі выбіраюць тэмы выступленняў і наведваюць тыя пляцоўкі, што ім падабаюцца. Гэтая інтэрактыўная форма прафесійнага ўзаемадзеяння педагагоў з’явілася ў 2010 годзе і прыйшла ў нашу краіну зусім нядаўна. Яе галоўныя перавагі – крэатыўнасць і практыка-арыентаванасць.

Арганізатары мерапрыемства Настасся і Яўген Пугач азнаёмілі настаўнікаў з праектам EdCаmp Belarus, які рэалізоўваецца пры падтрымцы Міністэрства адукацыі Беларусі. Сустрэча хутка перарасла ў сяброўскія зносіны педагогаў Маскоўскага раёна Брэста і іх калег з Мінска і Пінска. Так, удзельніца праекта з Мінска Кацярына Куксо правяла майстар-клас “Як настаўніку павялічыць шансы вучняў на лепшую адукацыю”. Настаўніца біялогіі з Пінска Таццяна Пархамчук расказала пра выкарыстанне прыёмаў STEM-адукацыі, якія ўзялі ў сваю метадычную скарбонку не толькі біёлагі, але і фізікі, гісторыкі, філолагі.

Падчас майстар-класаў можна было азнаёміцца з цікавымі практыка-арыентаванымі заданнямі, спалучанымі з тэарэтычнымі ведамі. Так, намеснік дырэктара Марына Дземядзюк з сярэдняй школы № 3 Брэста раскрыла сакрэты эстонска-фінскай сістэмы адукацыі і сутнасць фенаменалагічнага падыходу ў навучанні. Педагогі-псіхолагі Наталля Лысова і Іна Балцянкова з сярэдняй школы № 23 Брэста правялі трэнінг “Шчасце быць сабой”, накіраваны на дасягненне эмацыянальнай раўнавагі людзей любых прафесій.

Вялікую цікавасць выклікаў вопыт настаўніка-метадыста Святланы Данілюк з ліцэя № 1 імя А.С.Пушкіна Брэста, звязаны з арганізацыяй пазакласнай работы па гісторыі і грамадазнаўстве, якая дапамагае ў падрыхтоўцы алімпіяднікаў і сацыялізацыі вучняў.

Міні-EdCаmp сабраў матываваных настаўнікаў, здольных і гатовых да змен. Педагогі абменьваліся эфектыўным вопытам, займаліся творчай дзейнасцю. Усё дзеля таго, каб зрабіць свае ўрокі цікавымі для вучняў.

Настаўнікі Брэста рыхтуюць чарговыя майстар-класы для новых сустрэч з калегамі.

Ніна ДРЫК,

намеснік загадчыка вучэбна-метадычнага кабінета Маскоўскага раёна Брэста.