У інавацыйным рэжыме

03.03.2020
Сёння ва ўстановах адукацыі Маларытчыны рэалізоўваюцца 3 інавацыйныя праекты. Маларыцкая раённая гімназія працуе над праектам “Укараненне мадэлі творчай самарэалізацыі асобы ў адукацыйнай прасторы вольнага часу event-менеджменту мастацка-эстэтычнай накіраванасці ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі” (2017 – 2020), Гвозніцкі дзіцячы сад – сярэдняя школа – “Укараненне мадэлі фарміравання рухальнай культуры суб’ектаў адукацыйнай прасторы сельскай школы” (2017 – 2020), Лукаўская сярэдняя школа – “Укараненне мадэлі фарміравання асобасных і метапрадметных кампетэнцый вучняў у працэсе вучэбнай і пазаўрочнай дзейнасці” (2018 – 2021).

Нядаўна на базе Маларыцкай раённай гімназіі прайшоў рэспубліканскі семінар, на якім установа адукацыі зрабіла своеасаблівую справаздачу па рэалізацыі трэцяга этапу інавацыйнага праекта. У ім задзейнічаны 10 педагогаў і 76 вучняў. Падчас справаздачы педагогі-інаватары разам з зацікаўленымі вучнямі стварылі 8 мастацкіх студый. Пад кіраўніцтвам настаўнікаў дзеці працавалі па тэхналогіі event-менеджменту, спрабуючы сябе ў ролі фотарэпарцёраў, журналістаў, касцюмераў, арганізатараў свят, сцэнарыстаў, рэжысёраў розных мерапрыемстваў і інш.

Пры рэалізацыі інавацыйнага праекта асноўная ўвага накіравана на арганізацыю вольнага часу дзяцей, іх полікультурнае выхаванне, вывучэнне культуры роднага краю, папулярызацыю і прапаганду здаровага ладу жыцця. У полі зроку педагогаў-інаватараў – мастацкае чытанне твораў, віртуальная творчасць вучняў, адукацыйны турызм і дзейнасць гімназічнага агіттэатра. Праект ажыццяўляецца з мэтай развіцця асобы кожнага вучня, фарміравання яго самасвядомасці, стварэння спрыяльных умоў для самарэалізацыі.

Праграма рэспубліканскага семінара ўключала розныя мерапрыемствы. Сярод іх – прэс-канферэнцыя “Бліц-інтэрв’ю” і стэндавая прэзентацыя інавацыйных студый Еvent non-stop!, кіраўнікамі якіх з’яўляюцца Ірына Аксянюк, Таццяна Дацык, Вольга Махнавец, Алена Няхаева, Алена Сезік, Ірына Сезік і Нэлі Шпетная. Увазе ўдзельнікаў быў прапанаваны касцюміраваны паказ еvent-праекта “Сустракаем масленіцу”, арганізатарам і сцэнарыстам якога выступіла намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце гімназіі Наталля Асіпук.

У рамках семінара былі абмеркаваны і выпрацаваны метадычныя рэкамендацыі па арганізацыі і правядзенні event-мерапрыемстваў ва ўстанове адукацыі, зладжаны метадычны практыкум удзельнікаў інавацыйнага праекта, прысвечаны яго папярэднім вынікам.

Мікалай НАВУМЧЫК,

намеснік дырэктара па вучэбна-метадычнай рабоце Маларыцкай раённай гімназіі.