Майстар-класы ад “Сузор’я”

03.03.2020
На базе гімназіі № 1 Брэста прайшоў першы выязны семінар-акцыя “Сучасныя падыходы ў адукацыі” для педагогаў і кіраўнікоў школ, метадыстаў ВМК. Мерапрыемства праходзіла пад дэвізам “Клуб творчых педагогаў “Сузор’е” – адукацыі Ленінскага раёна Брэста”. Задача клуба, створанага летась па ініцыятыве галоўнага ўпраўлення па адукацыі Брэсцкага аблвыканкама і абласнога ІРА, - развіццё ініцыятыў творчых педагогаў, павышэнне прэстыжу настаўніцкай прафесіі, распаўсюджванне лепшага педагагічнага вопыту і наладжванне прафесійных зносін.

Мерапрыемства адкрылі начальнік вучэбна-метадычнага аддзела падтрымкі і развіцця эфектыўнай адукацыйнай практыкі абласнога ІРА Андрэй Карпук, начальнік упраўлення па адукацыі адміністрацыі Ленінскага раёна Брэста Таццяна Савіч, загадчыца раённага ВМК Людміла Калеснік і старшыня клуба Алена Пратасевіч, якія гаварылі пра важнасць прафесійнага ўзаемадзеяння ў папулярызацыі каштоўных напрацовак.

Удзельнікі клуба падрыхтавалі самапрэзентацыю і зладзілі майстар-класы. Так, настаўнік-метадыст Сяргей Абярган з сярэдняй школы № 1 Ляхавіч правёў майстар-клас для настаўнікаў хіміі, прысвечаны эфектыўнаму прымяненню электронных адукацыйных рэсурсаў і камп’ютарных праграм. Настаўнік-метадыст Мікалай Навумчык з Маларыцкай раённай гімназіі падрыхтаваў майстар-класы для настаўнікаў беларускай мовы і літаратуры, дзе расказаў пра кросэнс на ўроках беларускай літаратуры, метады і прыёмы развіцця творчых здольнасцей вучняў. Настаўнік-метадыст Ала Лазіцкая з сярэдняй школы № 2 Століна прысвяціла майстар-клас для настаўнікаў рускай мовы і літаратуры пытанням, звязаным з фарміраваннем даследчых кампетэнцый сродкамі медыяадукацыі, развіццю чытацкай пісьменнасці як трансверсальнай кампетэнцыі. Настаўнік-метадыст Алена Пратасевіч з сярэдняй школы № 1 Драгічына азнаёміла настаўнікаў матэматыкі з матэматычны квестам як сродкам развіцця пазнавальнай актыўнасці. Настаўніца вышэйшай катэгорыі Наталля Грыцук з Жамчужненскай сярэдняй школы Баранавіцкага раёна і настаўнік-метадыст Ірына Пабожная са Стрыгінскай сярэдняй школы Бярозаўскага раёна вялі гаворку пра інтэрактыўныя метады навучання геаграфіі як сродку фарміравання камунікатыўнай кампетэнцыі і воблачныя тэхналогіі. Загадчыца вучэбна-метадычнага кабінета Пінска Ірына Нікіпорчык зладзіла майстар-класы для кіраўнікоў школ і метадыстаў ВМК, прысвечаныя мадэляванню дзейнасці метадычнай службы па стварэнні ўмоў для прафесійнага росту педагогаў, выяўленню, абагульненню і паказу эфектыўнага педагагічнага вопыту ў дзейнасці метадычных службаў.

Мерапрыемства атрымала станоўчыя водгукі. Выязныя семінары-акцыі пройдуць і ў іншых рэгіёнах Брэстчыны.

Мікалай НАВУМЧЫК,

намеснік дырэктара па вучэбна-метадычнай рабоце Маларыцкай раённай гімназіі.