Пашыраюць прафесійныя зносіны

12.03.2020
Трэці раз альшанская сярэдняя школа № 1 Столінскага раёна стала пляцоўкай для фестывалю педагагічных ідэй, які сабраў прадстаўнікоў Пінскага, Лунінецкага, Іванаўскага і Столінскага раёнаў Брэсцкай вобласці, Жыткавіцкага і Тураўскага раёнаў Гомельскай вобласці Беларусі, Дубровіцкага і Станічна-Луганскага раёнаў Луганскай вобласці Украіны.

Адкрываючы мерапрыемства, начальнік аддзела па адукацыі Столінскага райвыканкама А.М.Вячорка засяродзіў увагу на важнасці прафесійных і творчых зносін з калегамі, якія адыгрываюць вялікую ролю ва ўзаемаабагачэнні і абмене эфектыўным вопытам.

Удзельнікі фестывалю азнаёміліся з прадукцыяй школьных вучнёўскіх бізнес-кампаній Століншчыны, пасля чаго наведалі 30 майстар-класаў, праведзеных педагогамі Брэстчыны, Гомельшчыны і Луганшчыны. Тэматыка майстар-класаў была актуальнай, практыка-арыентаванай і адлюстроўвала розныя напрамкі адукацыйнага працэсу.

Падчас інтэрактыўных перапынкаў педагогі стваралі салодкія букеты, асвойвалі нетрадыцыйныя тэхнікі малявання, знаёміліся з беларускімі народнымі танцамі. Гэта было не толькі вельмі весела, але і надзвычай карысна.

Шмат яркіх эмоцый падарыў кірмаш, дзе прэзентаваліся творчасць паэтаў-землякоў і творчыя работы вучняў, праходзіла дэгустацыя мёду і продаж насення. Педагогі і выхаванцы школ Століншчыны паказалі багацце рэгіянальнай кухні, стравы якой нікога не пакінулі раўнадушным.

Час праляцеў незаўважна. Украінскія калегі былі ўдзячны беларускім за гасцінны і цёплы прыём, сяброўскую атмасферу, адзначыўшы, што для настаўніцтва няма меж. Яго аб’ядноўвае агульная мэта – выхаванне дастойных грамадзян.

- Падобныя фестывалі адкрываюць шырокія магчымасці не толькі для абмену цікавымі педагагічнымі ідэямі, але і для прафесійных і сяброўскіх кантактаў, міжасобасных зносін, - заўважыла загадчыца Столінскага раённага ВМК В.А.Грэчка.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.