З акцэнтам на аграрныя прафесіі
31.03.2020- З мэтай забеспячэння сельскагаспадарчых арганіацый кваліфікаванымі кадрамі, павышэння прэстыжу сельскагаспадарчых прафесій сярод моладзі прымаюцца меры, накіраваныя на падбор абітурыентаў, знаёмых з сельскім ладам жыцця і вытворчасцю, для паступлення ва ўстановы прафесійнай і вышэйшай адукацыі сельскагаспадарчага профілю з заключэннем дамоў аб мэтавай падрыхтоўцы спецыялістаў, - расказала загадчыца Пінскага раённага вучэбна-метадычнага кабінета А.Я.Шпакоўская. – У 2018 годзе ў Плешчыцкай сярэдняй школе адкрылася першая група аграрнага кірунку (3 вучні), летась – яшчэ дзве на базе Чухаўскай (5 вучняў) і Плешчыцкай (10) сярэдніх школ. 18 юнакоў і дзяўчат вывучаюць на павышаным узроўні хімію, біялогію і беларускую мову, наведваюць факультатыўныя заняткі па ўводзінах у аграрныя прафесіі, дзе фарміруюцца ўяўленні пра будучую працоўную дзейнасць.
Вялікая ўвага ўдзяляецца практычным заняткам. Так, выхаванцы аграгруп наведваюць сельскагаспадарчыя прадпрыемствы раёна (механізаваны двор ААТ “Плешчыцы”, жывёлагадоўчы комплекс “Вялікія Дварцы”, ААТ “Пінскі мясакамбінат”, ААТ “Парахонскае”, ААТ “Палескія журавіны”, ААТ “Рыбгас “Палессе” і інш.), дзе знаёмяцца з работай аграрыяў, спецыфікай працы ў сельскай гаспадарцы, сучаснай тэхнікай, навейшымі тэхналогіямі ў раслінаводстве і жывёлагадоўлі.
Установы адукацыі цесна супрацоўнічаюць з Віцебскай ордэна “Знак Пашаны” дзяржаўнай акадэміяй ветэрынарнай медыцыны і Гродзенскім дзяржаўным аграрным універсітэтам. Настаўнікі і вучні наведваюць гэтыя УВА, знаёмяцца з арганізацыяй адукацыйнага працэсу.
Наладжана ўзаемадзеянне і з сельскагаспадарчымі прадпрыемствамі, прадстаўнікі якіх бываюць у школах, расказваюць пра ўмовы працы і запатрабаваныя прафесіі ветурача, ветфельчара, агранома, заатэхніка і інш.
- Школы раёна вядуць сістэмную работу па арыентацыі вучняў на атрыманне аграрных прафесій, - адзначыла А.Я.Шпакоўская. – Так, летась 18% дзевяцікласнікаў і 33% адзінаццацікласнікаў паступілі ва ўстановы прафесійнай і вышэйшай адукацыі сельскагаспадарчага профілю. Сёлета туды плануюць паступаць 31 дзевяцікласнік і 37 адзінаццацікласнікаў. Сёлетнія выпускнікі аграгрупы Плешчыцкай сярэдняй школы звязваюць прафесійную будучыню з аграрным сектарам і мяркуюць прадоўжыць навучанне ў Беларускай дзяржаўнай ордэнаў Кастрычніцкай Рэвалюцыі і Працоўнага Чырвонага Сцяга сельскагаспадарчай акадэміі. Многія ўраджэнцы раёна – выпускнікі аграрных УВА паспяхова працуюць у сельскагаспадарчых прадпрыемствах Піншчыны.
Па словах А.Я.Шпакоўскай, вучоба ў аграгрупах дапамагае школьнікам вызначыцца з будучай прафесіяй, а гаспадаркам – адабраць абітурыентаў для мэтавай падрыхтоўкі спецыялістаў па запатрабаваных спецыяльнасцях.
Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.