Для развіцця прафесіяналізму педагогаў

22.05.2020
На Ляхавіччыне падвялі вынікі раённага конкурсу на лепшае партфоліа вучэбна-метадычнага аб’яднання настаўнікаў пачатковых класаў. Спаборніцтва, арганізаванае раённым ВМК, праводзілася з мэтай актывізацыі арганізацыйна-метадычнай дзейнасці кіраўнікоў ВМА.

- Конкурс партфоліа – адна з варыятыўных форм ацэньвання прафесіяналізму педагогаў, якая дапамагае раскрыць творчы і інтэлектуальны патэнцыял настаўнікаў, выявіць найбольш таленавітых з іх шляхам прэзентацыі значных прафесійных вынікаў, самааналізу, рэфлексіі і праектавання ўласнай траекторыі развіцця, - расказала метадыст Ляхавіцкага раённага вучэбна-метадычнага кабінета С.А.Маляр. – На суд журы былі прадстаўлены партфоліа 15 кіраўнікоў вучэбна-метадычных аб’яднанняў настаўнікаў пачатковых класаў, у якіх адлюстроўваліся агульныя звесткі пра педагогаў, задачы і напрамкі дзейнасці ВМА, вынікі педагагічнай і пазаўрочнай работы настаўнікаў. Пры ацэньванні ўлічваліся структураванасць, цэласнасць, тэматычная завершанасць і нагляднасць партфоліа, творчы падыход і культура афармлення.

Пераможцай конкурсу стала кіраўнік ВМА сярэдняй школы № 2 Ляхавіч Алена Міхайлаўна Кісель. Дыпломы ІІ ступені атрымалі кіраўнік ВМА сярэдняй школы № 1 Ляхавіч Ірына Анатольеўна Мартынюк і кіраўнік ВМА Навасёлкаўскай сярэдняй школы Наталля Уладзіміраўна Камінская, дыпломы ІІІ ступені – кіраўнік ВМА гімназіі Ляхавіч Наталля Міхайлаўна Пранчак і кіраўнік ВМА Начаўскай сярэдняй школы Рыма Аляксандраўна Іваноўская.

- Конкурс паказаў, што партфоліа станоўча ўплывае не толькі на развіццё прафесіяналізму педагогаў, але і асваенне сучасных форм прэзентацыі сваёй дзейнасці, - адзначыла С.А.Маляр.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.