Шосты дзень: цікава, весела, карысна

28.05.2020
Шосты школьны дзень даўно стаў арганічнай часткай адукацыйнага працэсу, бо адкрывае шырокія магчымасці не толькі для арганізацыі цікавага адпачынку, але і для ўсебаковага развіцця вучняў, наладжвання партнёрскіх адносін з бацькамі. Кожная ўстанова адукацыі Ганцавіччыны вылучаецца прыярытэтнымі напрамкамі работы па суботах, што адлюстроўваецца ў выхаваўчых праектах і мерапрыемствах.

Не першы год у Раздзялавіцкай сярэдняй школе і сярэдняй школе № 2 Ганцавіч паспяхова дзейнічаюць бацькоўскія клубы, якія адыгрываюць важную ролю ў педагагізацыі бацькоў, прафілактыцы дзіцяча-бацькоўскіх канфліктаў. Мамы і таты ахвотна ўдзельнічаюць у круглых сталах, трэнінгах, тэматычных сустрэчах і акцыях.

Педкалектыў Дзяніскавіцкага ясляў-сада – сярэдняй школы вялікую ўвагу ўдзяляе музейнай педагогіцы. На базе ўстановы дзейнічае народны гісторыка-краязнаўчы музей. Вопыт яго работы лёг у аснову сацыяльна-педагагічнага праекта “Захаваем гістарычную спадчыну разам”, адзначанага дыпломам ІІ ступені ў абласным конкурсе па арганізацыі шостага школьнага дня.

Спартыўныя спаборніцтвы сталі візітоўкай суботніх дзён у сярэдніх школах № 3 Ганцавіч і Люсінскім дзіцячым садзе – сярэдняй школе імя Якуба Коласа. Даволі часта на старт выходзяць не толькі вучні, але і іх бацькі, педагогі. Сістэма фізкультурна-аздараўленчых мерапрыемстваў у рамках шостага школьнага дня ўключае заняткі аб’яднанняў па інтарэсах, майстар-класы з бацькамі па гульнявых відах спорту і фітнесе.

Вялікую ўвагу ўстановы адукацыі Ганцавіччыны ўдзяляюць прафарыентацыі. Панараму суботніх мерапрыемстваў складаюць факультатыўныя заняткі, заняткі ў аб’яднаннях па інтарэсах, кансультацыі і прафдыягностыкі, гасцявыя ўрокі, дзейнасць вучэбных бізнес-кампаній. Сярод іх – “Ад ідэі – да прыбытку” (гімназія Ганцавіч) і “Пунсовая кветачка” (Кукаўская сярэдняя школа). Умелае размеркаванне абавязкаў, уважлівае вывучэнне запытаў рынку, стараннае планаванне магчымых рызык дазваляюць вучням не толькі эфектыўна рэалізоўваць вырабляемую прадукцыю, але і атрымліваць карысныя веды, уменні і навыкі прадпрымальніцкай дзейнасці. Гэтыя вучэбныя кампаніі сталі сёлетнімі прызёрамі рэспубліканскага конкурсу ў НДААЦ “Зубраня”.

 

Аксана РЫЛКА,

галоўны спецыяліст аддзела па адукацыі Ганцавіцкага райвыканкама.