Атрымалі прафесію ў школе

11.06.2020
Сёлета ў школах упершыню прайшлі кваліфікацыйныя экзамены сярод старшакласнікаў па выніках асваення адукацыйнай праграмы прафесійнай падрыхтоўкі рабочых (служачых) у рамках працоўнага навучання.
На працягу 2 гадоў у нашай установе дзейнічаў міжшкольны факультатыў, на якім вучаніцы сярэдніх школ №№ 3 і 4 Пружан асвойвалі прафесію швачкі. Іх прафесійнай падрыхтоўкай займалася настаўніца абслуговай працы Галіна Дзмітрыеўна Зуй, чыя кваліфікацыя адпавядае патрабаванням да прафесіі “кравец верхняй лёгкай вопраткі”.

На аснове метадычных патрабаванняў РІПА педагог распрацавала вучэбную праграму ў адпаведнасці з кваліфікацыйнымі патрабаваннямі да рабочага па прафесіі “швачка” 2-га разраду. Праграма рэалізоўвалася ў рамках тэматычнага плана, які ўключаў раздзелы “Тэарэтычнае навучанне”, “Вытворчае навучанне” і “Вытворчая практыка”.

Пры падрыхтоўцы да заняткаў Г.Д.Зуй строга прытрымлівалася вучэбна-праграмнай дакументацыі, умела спалучала розныя формы і метады работы з вучнямі ў галіне прафесійнай падрыхтоўкі. Для павышэння цікавасці да навучання настаўніца ўкараняла новыя цікавыя тэхнікі, з якімі знаёміла на майстар-класах. Пры арганізацыі тэарэтычнага навучання актыўна выкарыстоўвала ІКТ, што дазволіла скараціць час на падрыхтоўку да заняткаў, паказаць больш нагляднага матэрыялу.

Падчас вытворчай практыкі дзяўчаты адпрацоўвалі навыкі пашыву розных вырабаў, вучыліся рабіць гэта якасна і прыгожа.

У кваліфікацыйным экзамене, які складаўся з пробнай работы і іспыту па выніках тэарэтычнага навучання, удзельнічалі 15 школьніц. Пробная работа прадугледжвала выраб камплекта пасцельнай бялізны з 3-х найменняў. Дзяўчаты адказна аднесліся да выканання задання, паказаўшы добрыя прафесійныя ўменні і навыкі.

Іспыт па выніках тэарэтычнага навучання праводзіўся па білетах, якія ўключалі пытанні на веданне правіл і парадку выканання пэўных відаў работ і чытання графічнай дакументацыі, прызначэнне матэрыялаў, абсталявання і інструмента, асноў аховы працы, пажарнай і экалагічнай бяспекі, эканомікі, працоўнага права, этыкі і псіхалогіі дзелавых зносін, ІКТ.

Пасля здачы экзамену вучні атрымалі пасведчанні аб прысваенні 2-га кваліфікацыйнага разраду па прафесіі швачкі.

Па словах дзяўчат, асваенне прафесіі аказалася для іх вельмі карысным. Так, Дар’я Багдановіч лічыць, што атрыманне першай рабочай спецыяльнасці надае ўпэўненасць у прафесійнай будучыні. Лізавета Галубоўская прызналася, што атрымала шмат карысных навыкаў, неабходных кожнай жанчыне: “Вельмі добра, калі сам можаш пашыць абрусы, сурвэткі, пасцельную бялізну, адрамантаваць і пашыць адзенне для сябе і блізкіх”.

Дзяўчаты вельмі ўдзячны Г.Д.Зуй, якая імкнулася зрабіць кожныя заняткі цікавымі і карыснымі. Педагог спадзяецца, што веды і навыкі, перададзеныя вучням, абавязкова спатрэбяцца ім у жыцці.

Валянціна КАРОБКА,

намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце сярэдняй школы № 3 Пружан.