У лідарах – лагістыка, псіхалогія, інфармацыйныя тэхналогіі

31.08.2020
Ва ўстановах вышэйшай адукацыі краіны падводзяцца і аналізуюцца вынікі сёлетняй уступнай кампаніі. Аб яе ходзе ў 4 універсітэтах Брэстчыны расказалі ў прыёмных камісіях.

У Брэсцкім дзяржаўным універсітэце імя А.С.Пушкіна набор абітурыентаў ажыццяўляўся на 10 факультэтаў па 29 спецыяльнасцях, у тым ліку па дзвюх адноўленых (“Гісторыя (рэлігій)” – 1,5 заявы на месца, “Сацыяльная педагогіка” – 1,6).

Як паведаміў першы прарэктар БрДУ імя А.С.Пушкіна, намеснік старшыні прыёмнай камісіі Сяргей Мікалаевіч Севярын, на дзённую форму навучання за кошт бюджэту залічаны 411 абітурыентаў, на завочную – 85. Кантрольныя лічбы набору засталіся на мінулагоднім узроўні. Найбольшай папулярнасцю карысталіся спецыяльнасці “Псіхалогія” – 5,2 заявы на месца, “Лагапедыя” – 5,6, “Гісторыя (паліталогія)” – 3,8 і “Біяэкалогія” – 2,7. Найменшыя конкурсы назіраліся на спецыяльнасцях “Беларуская філалогія” – 1,4 заявы на месца і “Біялогія, хімія” – 1,1. Парадавалі сёлетнія конкурсы на спецыяльнасці фізіка-матэматычнага факультэта.

Сярэдні конкурс на бюджэтную форму навучання – 2 заявы на месца (летась 2,2). Прахадныя балы – ад 225 да 390 (летась ад 195 да 330). Ва ўніверсітэце задаволены якасным складам абітурыентаў (22 медалісты, 19 выпускнікоў педагагічных класаў, 31 мэтавік). Сярод абітурыентаў – прадстаўнікі ўсіх абласцей краіны.

Сёлета ў Брэсцкім дзяржаўным тэхнічным універсітэце на дзённую бюджэтную форму навучання былі залічаны 434 чалавекі, на завочную бюджэтную – 58 (летась 427 і 50).

- Выканаць план удалося дзякуючы не толькі актыўнай прафарыентацыйнай рабоце, якую ўніверсітэт праводзіць на працягу ўсяго навучальнага года ў школах і ПТНУ, але і факультэцкім конкурсам, - расказала адказны сакратар прыёмнай камісіі БрДТУ Наталля Сямёнаўна Віннік. – Конкурсы праходзілі на 5 факультэтах – будаўнічым, эканамічным, інжынерных сістэм і экалогіі, электронна-інфармацыйных сістэм і машынабудаўнічым. Падаючы туды дакументы, абітурыенты маглі пазначыць у заяве не адну, а нават усе спецыяльнасці ў парадку прыярытэту. Падобныя ўмовы, з аднаго боку, дазволілі ўніверсітэту адабраць лепшых, а з другога – далі ўчарашнім школьнікам больш магчымасцей паступіць ва УВА. Калі абітурыент не праходзіў на больш прэстыжную (на яго думку) спецыяльнасць, то мог прэтэндаваць на іншую – з меншым прахадным балам. Сярод сёлетніх новаўвядзенняў – дні адкрытых дзвярэй у анлайн-фармаце і дыстанцыйнае запаўненне дакументаў, неабходных для паступлення.

Сярэднія конкурсы на факультэтах БрДТУ стабільныя на працягу многіх гадоў. Конкурс на тую ці іншую спецыяльнасць вызначаўся планам набору, у выніку чаго абмежаваная колькасць бюджэтных месцаў спараджала вялікія конкурсы. Набор вёўся на 6 факультэтаў па 29 спецыяльнасцях, у тым ліку па адной адноўленай (“Экспертыза і кіраванне нерухомасцю” – 3 заявы на месца). Сярэдні конкурс – 2,5 заявы на месцы (летась 2,8).

З году ў год у абітурыентаў БрДТУ не зніжаецца цікавасць да эканамічных спецыяльнасцей (“Лагістыка” – 6 заяў на месца). Карыстаюцца папулярнасцю спецыяльнасці факультэта электронна-інфармацыйных сістэм (“Праграмнае забеспячэнне інфармацыйных тэхналогій” – 5,6 заявы на месца). Не абышлі ўвагай учарашнія школьнікі спецыяльнасці “Аўтасэрвіс” (3 заявы на месца) і “Архітэктура і архітэктурны дызайн” (3,3). Найменшыя конкурсы склаліся на спецыяльнасцях “Вытворчасць будаўнічых вырабаў і канструкцый” – 1 заява на месца, “Тэхналагічнае абсталяванне машынабудаўнічай вытворчасці” – 1,1, “Водазабеспячэнне, водаадвядзенне і ахова водных рэсурсаў” – 1,3. Прахадныя балы вагаліся ад 226 да 339 (летась ад 210 да 349).

У Палескім дзяржаўным універсітэце, як расказала адказны сакратар прыёмнай камісіі Ірына Аляксандраўна Прыгодзіч, эканамічныя спецыяльнасці традыцыйна карыстаюцца добрым попытам, улічваючы былую прыналежнасць УВА да Нацыянальнага банка Беларусі. Конкурс на гэтыя спецыяльнасці склаў 1,7 заявы на месца.

Самымі папулярнымі сярод учарашніх школьнікаў былі спецыяльнасці “Лінгвістычнае забеспячэнне міжкультурных камунікацый” – 2,6 заявы на месца, “Тэхналогія перапрацоўкі рыбнай прадукцыі” – 2,3 і “Бізнес-адміністраванне” – 2,1. Найменшыя конкурсы назіраліся на спецыяльнасцях “Фізічная рэабілітацыя і эргатэрапія” і “Бухгалтарскі аналіз, улік і аўдыт” – 1 заява на месца. Сярэдні конкурс на бюджэтную форму навучання склаў 1,6 заявы на месца (летась 2,2).

У ПалесДУ набор студэнтаў ажыццяўляўся на 4 факультэты (эканомікі і фінансаў, інжынерны, біятэхналагічны, арганізацыі здаровага ладу жыцця) па 16 спецыяльнасцях. Новых сярод іх сёлета не было. На дзённую бюджэтную форму навучання залічаны 436 чалавек (летась 340), на завочную – 48 (летась 45). Прахадныя балы вагаліся ад 184 да 323 (летась ад 214 да 329).

Па словах І.А.Прыгодзіч, якасны склад абітурыентаў ПалесДУ даволі высокі. Так, кожны пяты з іх – выпускнік гімназій і ліцэяў, а кожны дзясяты – медаліст. Сярэдні бал атэстата – 8,6. 15% абітурыентаў набралі больш за 300 балаў, 53% - ад 251 да 300. Сярод студэнтаў шмат учарашніх школьнікаў з Гомельшчыны (13%), Гродзеншчыны (9%) і Міншчыны (12,5%). 62,5% абітурыентаў – жыхары Брэстчыны.

На працягу многіх гадоў самай папулярнай спецыяльнасцю ў Баранавіцкім дзяржаўным універсітэце было “Правазнаўства”, але апошнім часам набор на яе за кошт бюджэту не ажыццяўляецца. Эканамічныя спецыяльнасці па-ранейшаму запатрабаваны ў абітурыентаў (“Электронны маркетынг” – 3,2 заявы на месца). Добрыя конкурсы склаліся на спецыяльнасцях “Практычная псіхалогія” – 4,1 заявы на месца і “Інфармацыйныя сістэмы і тэхналогіі” – 2. Найменшыя конкурсы назіраліся на спецыяльнасцях “Аграномія” і “Дашкольная адукацыя” – 0,7 заявы на месца. Не засталіся незаўважанымі новыя спецыяльнасці “Руская мова і літаратура. Замежная мова” – 1,5 заявы на месца і “Вытворчасць вырабаў на аснове трохмерных тэхналогій” – 1.

Прахадныя балы вагаліся ад 135 да 294 (летась ад 208 да 299). Сярэдні конкурс на бюджэтную форму навучання склаў 1,7 заявы на месца.

Адказны сакратар прыёмнай камісіі БарДУ Таццяна Леанідаўна Герасімовіч расказала, што набор ва ўніверсітэт вёўся на 4 факультэты (інжынерны, педагогікі і псіхалогіі, эканомікі і права, славянскіх і германскіх моў) па 23 спецыяльнасцях. План набору на дзённую бюджэтную форму навучання – 402 чалавекі, на завочную – 95 (летась 339 і 77). Абітурыенты прадстаўлялі ўсе вобласці краіны.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.