З павагай да папярэднікаў

02.10.2020
У Брэсце адбылося выязное пасяджэнне Рэспубліканскага савета ветэранаў галіны і прэзідыума ЦК Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі.
Адкрываючы мерапрыемства, першы дзень якога праходзіў на базе ліцэя № 1 імя А.С.Пушкіна, старшыня ЦК галіновага прафсаюза Т.Р.Якубовіч адзначыла, што правядзенне пасяджэння ў год 75-годдзя Вялікай Перамогі вельмі сімвалічнае: без захавання гістарычнай памяці і пераемнасці пакаленняў немагчыма пабудаваць дастойную будучыню. Таццяна Раманаўна падзякавала ветэранам галіны за бясцэнны вопыт і жыццёвую мудрасць, запатрабаваныя сучаснікамі. Сёння на прафсаюзным уліку ў краіне каля 80 тысяч ветэранаў педагагічнай працы (на Брэстчыне – каля 13,1 тысячы), якія актыўна ўдзельнічаюць у грамадскай дзейнасці.

- Сацыяльнае партнёрства дазваляе паспяхова вырашаць не толькі прафесійныя, але і выхаваўчыя задачы, - заўважыў начальнік галоўнага ўпраўлення па адукацыі Брэсцкага аблвыканкама Ю.М.Прасмыцкі. – Вопыт папярэднікаў адыгрывае важную ролю ва ўзаемаабагачэнні. Ветэранаў педагагічнай працы Брэстчыны памятаюць і паважаюць.

Удзельнікі пасяджэння азнаёміліся з работай гарадскога Савета ветэранаў працы, пярвічных ветэранскіх арганізацый устаноў адукацыі Брэста і адпаведных выбарных прафсаюзных органаў. 

Брэсцкая гарадская арганізацыя галіновага прафсаюза, якую ўзначальвае І.А.Жак, - равесніца Перамогі. 138 “пярвічак” аб’ядноўваюць амаль 11,8 тысячы чалавек. Сярод іх – больш за 1,4 тысячы ветэранаў педпрацы.

Гарадскі Савет ветэранаў педагагічнай працы быў створаны ў 1967 годзе. За доўгі час склаліся пэўныя традыцыі, якія падтрымліваюцца і развіваюцца сённяшнім Саветам ветэранаў працы ўстаноў адукацыі Брэста.

У школах дзейнічаюць пярвічныя ветэранскія арганізацыі, якія цесна супрацоўнічаюць з адміністрацыямі ўстаноў і прафкамамі. З удзелам гарадскога аддзела па адукацыі, раённых упраўленняў па адукацыі і гаркама прафсаюза ладзяцца сустрэчы з ветэранамі, прысвечаныя дзяржаўным і прафесійным святам.

Па словах І.А.Жак, ветэраны цікава і змястоўна арганізоўваюць свой адпачынак, актыўна ўдзельнічаюць у грамадскім жыцці горада, выступаюць перад школьнікамі, праводзяць урокі мужнасці і маральнасці. Пры неабходнасці аказваецца матэрыяльная дапамога са сродкаў прафсаюзнага бюджэту.

Ва ўстановах адукацыі Брэста ёсць цікавыя напрацоўкі па рабоце з ветэранамі педпрацы. Гэты вопыт заахвочваецца і прапагандуецца. У актыве ветэранскіх арганізацый – сапраўдныя энтузіясты і творчыя людзі, якімі рухае жаданне быць карыснымі і запатрабаванымі. Гарадскі Савет ветэранаў узначальвае Г.Т.Анішчук, чалавек з багатым жыццёвым вопытам: у мінулым настаўніца гісторыі, навуковы супрацоўнік мемарыяльнага комплексу “Брэсцкая крэпасць-герой”, дырэктар школы і гімназіі, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі.

Савет, кожны член якога курыруе некалькі ўстаноў, каардынуе работу 58 пярвічных ветэранскіх арганізацый школ па розных напрамках: грамадзянска-патрыятычным, адпачынкавым, арганізацыйным, інфармацыйным і сацыяльнай абароны. Так, у рамках грамадзянска-патрыятычнай работы рэалізуецца праект “Ганарымся гісторыяй, шануем сувязь пакаленняў”, мэта якога – увекавечанне ўспамінаў педагогаў-ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны, фарміраванне паважлівых адносін моладзі да дасягненняў папярэднікаў, папулярызацыя іх укладу ў гісторыю краіны і інш. Успаміны ветэранаў запісваюцца і публікуюцца ў гарадской газеце. У зборы і падрыхтоўцы матэрыялаў задзейнічаны студэнты філфака БрДУ імя А.С.Пушкіна. З цягам часу праект набыў краязнаўчы і гісторыка-культурны характар.

Лектарская група савета на чале з І.Л.Пятровай вядзе актыўны дыялог з маладымі педагогамі. Паспяхова ажыццяўляюцца праекты “Педагагічны партрэт” і “Педагагічныя дынастыі”. Вялікая ўвага ўдзяляецца праблеме сацыяльнай адзіноты.

Ветэраны аддаюць перавагу актыўнаму ладу жыцця. Падчас мерапрыемстваў, прысвечаных розным каляндарным датам, былыя педагогі расказваюць пра сябе і калег, арганізоўваюць майстар-класы па прыгатаванні любімых страў, вырабе сувеніраў і інш.

Даволі выніковай з’яўляецца дзейнасць клубаў “Кіраўнік”, “Натхненне”, “Гармонія” і “Крыніца”, якія ўзначальваюць аўтарытэтныя ветэраны педпрацы Г.В.Скакавец, Л.І.Жыліч, Л.І.Касачук, В.В.Гардзіюк і Т.І.Яроміна.

Г.Т.Анішчук вельмі ўдзячна за падтрымку ва ўсіх справах гаркаму прафсаюза і гарадскому аддзелу па адукацыі, дзякуючы якім ветэраны працягваюць жыць поспехамі і праблемамі адукацыйнай галіны.

У другі дзень удзельнікі мерапрыемства наведалі БрДУ імя А.С.Пушкіна, дзе азнаёміліся з работай Брэсцкага абласнога Савета ветэранаў працы сістэмы адукацыі і галіновага прафсаюза, савета ветэранаў працы ўніверсітэта і прафкама работнікаў.

Старшыня Брэсцкага абласнога Савета ветэранаў працы сістэмы адукацыі і галіновага прафсаюза Я.І.Топчая расказала, што ўзаемадзеянне з ветэранамі Брэстчыны ажыццяўляе абласны Савет ветэранаў працы сістэмы адукацыі. Яго члены ўдзельнічаюць у падрыхтоўцы і правядзенні мерапрыемстваў, прысвечаных розным датам і падзеям, абагульняюць вопыт работы з ветэранамі ў раёнах, арганізоўваюць акцыі “Адзінокая магіла”, “Адзінокі ветэран”, “Памятаем і ганарымся”, “Кветкі Вялікай Перамогі”, “Дыялог пакаленняў”, “Ветэран – маладому спецыялісту”.

На сайце абкама прафсаюза адкрыта рубрыка “Яны набліжалі Перамогу”, дзе размяшчаюцца матэрыялы пра педагогаў-удзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны, малалетніх вязняў фашызму, партызанаў і падпольшчыкаў і работнікаў тылу. Арганізоўваюцца выязныя сумесныя пасяджэнні ветэранскіх і пярвічных прафсаюзных арганізацый у рэгіёнах, папаўняецца Кніга пашаны абласной арганізацыі галіновага прафсаюза.

Старшыня пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі работнікаў БрДУ імя А.С.Пушкіна Л.Б.Чэлышава і старшыня Савета ветэранаў універсітэта Н.М.Пішчык расказалі пра сумесную работу па сацыяльнай падтрымцы былых супрацоўнікаў. На сайце ўстановы створана старонка “Наш гонар”. Закладзена алея памяці ветэранаў вайны і працы.

Ветэраны педпрацы актыўна ўдзельнічаюць у патрыятычных акцыях, добраўпарадкаванні помнікаў і абеліскаў, працоўных дэсантах, а таксама ў пасяджэннях клуба “Дыялог”.

Падчас мерапрыемства быў прадстаўлены новы старшыня Рэспубліканскага савета ветэранаў працы галіны. Я.А.Трахімовіч перадала паўнамоцтвы А.Г.Раманавай.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.

Фота аўтара.