Лепшыя ў эстафеце карысных спраў

19.11.2018
На Брэстчыне падвялі вынікі абласнога конкурсу на лепшую рэалізацыю Рэспубліканскай акцыі “Малая радзіма: эстафета карысных спраў”, абвешчанай Міністэрствам адукацыі Беларусі ў рамках Года малой радзімы. Арганізатарамі спаборніцтва выступілі Брэсцкі дзяржаўны абласны цэнтр маладзёжнай творчасці і галоўнае ўпраўленне па адукацыі Брэсцкага аблвыканкама.

- Абласны конкурс праводзіўся ўпершыню з мэтай вывучэння і прапаганды эфектыўнага вопыту выхаваўчай работы на летніх канікулах ва ўстановах адукацыі і аздараўленчых лагерах, - расказала намеснік начальніка аддзела сацыяльнай і выхаваўчай работы галоўнага ўпраўлення па адукацыі Брэсцкага аблвыканкама А.У.Сянькевіч. – Творчыя справаздачы і прэзентацыі падрыхтавалі спецыялісты і метадысты з 12 раённых (гарадскіх) упраўленняў (аддзелаў) па адукацыі і вучэбна-метадычных кабінетаў Брэстчыны, якія курыруюць пытанні, звязаныя з арганізацыяй аздараўлення і адпачынку дзяцей. Журы адзначыла творчы падыход усіх канкурсантаў да рэалізацыі рэспубліканскай акцыі. Удзельнікі спаборніцтва прэзентавалі адметныя формы работы з вучнямі на летніх канікулах, узаемадзеяння з партнёрамі, спонсарамі і соцыумам. Надзвычай цікава канкурсанты паказалі комплекс мер па фарміраванні культуры здаровага ладу жыцця, правядзенні пошукавай, даследчай, валанцёрскай, гульнявой і адпачынкавай дзейнасці.

У рамках конкурсу ў Брэсцкім дзяржаўным абласным ЦМТ была арганізавана выстава-панарама метадычнага вопыту па арганізацыі летняга адпачынку і аздараўлення, дзе прэзентаваліся лепшыя напрацоўкі аўтараў-пераможцаў абласнога этапу Рэспубліканскага агляду-конкурсу на лепшы аздараўленчы лагер у намінацыі “Новыя мадэлі дзіцячага адпачынку “Зробім лета ярчэйшым!”.

Сярод лепшых – настаўніца інтэграванага навучання Алена Міхайлаўна Шпігун з Беражноўскай сярэдняй школы Столінскага раёна (праект “Дарогамі малой радзімы”), кіраўнік лагера працы і адпачынку “Працавітая краіна 52/24” Наталля Вячаславаўна Туманава з сярэдняй школы № 2 Кобрына (праект “Нам 5 гадоў!”), старшая выхавальніца аздараўленчага лагера “Дружная сямейка” Ірына Анатольеўна Музыка з Падкраіцкай базавай школы Бярозаўскага раёна (праект “Play today! Місія выканальная!”).

Удзельнікі конкурсу абмяняліся вопытам, падзяліліся напрацоўкамі. Па выніках заяўленых справаздач і прэзентацый, удзелу ўстаноў адукацыі і аздараўленчых лагераў у розных рэспубліканскіх фестывалях, аглядах і творчых конкурсах журы вызначыла пераможцаў абласнога конкурсу на лепшую рэалізацыю Рэспубліканскай акцыі “Малая радзіма: эстафета карысных спраў”. Імі сталі прадстаўнікі Кобрынскага, Бярозаўскага, Ляхавіцкага, Столінскага і Драгічынскага раёнаў, Брэсцкага дзяржаўнага абласнога ЦМТ, Ленінскага раёна Брэста і Баранавіч.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.